E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная Навіны Абвесткі Крама "Весткі й Паведамленьні" "Рубікон" Альманах "Беларус" Архіў газэты "Беларус" Кантакты Member Login
Аўтары альманаха "Беларус"

     ШАТЫЛОВІЧ Дзьмітры нарадзіўся 8 лістапада 1926 года ў вёсцы Чаромха ў Беластоцкім ваяводзтве ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыў шэсьць клясаў польскай пачатковай школы на станцыі Чаромха і пасьля, да чэрвеня 1941 года, вучыўся ў Бельску-Падляскім у сярэдняй школе савецкага тыпу. У час нямецкай акупацыі ў сакавіку 1943 года быў вывезены на прымусовую працу ва Ўсходнюю Прусію пад горад Гайльсбэрг. Пасьля прыходу туды Чырвонай арміі, у лютым 1945-га, быў сілаю ўключаны ў яе шэрагі і накіраваны на фронт. Пад канец лютага быў цяжка паранены ў левы бок і асколкам у брыво левага вока і перавезены ў вайсковы шпіталь у Зээбургу. Па дэмабілізацыі ў студзені 1946 года вярнуўся з Бабруйску дамоў і паступіў у 4-ю клясу Беларускай гімназіі ў Бельску-Падляскім, якую закончыў у чэрвені 1946 года. У сувязі з тым, што польскія ўлады ў жніўні 1946-га ліквідавалі Беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім, здаў іспыты ў польскі ліцэй імя Тадэвуша Касьцюшкі ў Бельску-Падляскім, які скончыў у чэрвені 1948-га і быў накіраваны Міністэрствам асьветы ў Варшаве ў Ленінградзкі электратэхнічны інстытут, які закончыў у сьнежні 1953 года, атрымаўшы ў Польшчы дыплём магістра інжынэра-электрыка-аўтаматыка. Ад сакавіка 1954 года пачаў працаваць у праектным бюро ў Варшаве, дзе праектаваў многія цеплавыя электрастанцыі і ў Польшчы, і за мяжою. Быў паўгода на аўтарскім наглядзе ў Тузьле ў Югаславіі і амаль тры гады ў Індыі ў Бакара.

      У вольны час працаваў гідам замежных экскурсій у польскім турыстычным бюро Орбіс” і іншых. Беларускія, польскія і расейскія вершы пачаў пісаць у 1940 годзе, а друкавацца – пад канец 1957-га на старонках штотыднёвіку “Ніва”, затым у літаратурных альманахах, “Беларускіх календарах”. Сябра Саюзу польскіх літаратараў, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Узнагароджаны кавалерскім крыжам ордэна адраджэньня Польшчы, срэбным крыжам заслугі ды іншымі мэдалямі. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Этуды падарожжа”, “Маё Падляшша”, “Хвалі часу”, “Вясёлка над імглою”, “Струмені лёсу”, “Асеньнія промні”,“Янтарныя віры”, “Гронкі надзеі”, “Ліхтар уражаньняў”,“Подых хвілін”, “У ціхай лагуне”. “Забытая паляна”, “Вясновы гай”i ў перакладзе на польскую мову – “Rezonanse pamieci”, “Patos jesienny” і “Echa wrazen”. У кнігах “У новай айчыне”, “Пакаленьне вайны”, “Час трывогі і надзеі”, выдадзеных “Нівай” у Беластоку, сабраныя ягоныя ўспаміны да 1955 года. Пазьнейшыя ўспаміны друкаваліся і друкуюцца ў “Czasopisie”.

     Усе ягоныя зборнікі вершаў можна знайсьці ў інтэрнэце: http://kamunikat.org/dymitrszatylowicz.html