E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная Навіны Абвесткі Крама "Весткі й Паведамленьні" "Рубікон" Альманах "Беларус" Архіў газэты "Беларус" Кантакты


 


№ 3 (697) за сакавік 2024 г.



 Аб антыбеларускай палітыцы ў Летуве

      Нашу заклапочанасьць і абурэнь­не выклікае антыбеларуская палітыка і антыбеларуская пра­паганда, якую праводзяць супраць бела­рускага народу ў Летуве пэўныя сілы, якія могуць быць зьвязаныя з ўрадам гэ­тай краіны і ўплываць на яго палітыку.

      У летувіскіх СМІ пэрыядычна публі­куюцца антыбеларускія выказваньні на падставе прыдумак, што прыводзіць да узбуджэньня нянавісьці да беларусаў, ёсьць выпадкі, калі беларускія культур­ныя дзеячы ў Вільні, якія вымушана зье­халі зь Беларусі і для якіх Летува стала другой радзімай, пачынаюць атрым­лі­ва­юць ананімныя пагрозы і зьнявагі.

      Летам 2023 году на саміце НАТО ў Вільні прэзыдэнт Летувы Г. Наўседа прыніжальна паставіўся да Беларусі, на­зваўшы яе “яшчэ адной губэрніяй Ра­сеі”. 6-га лютага 2024 году на беларускім ін­тэрнэт-партале “Свабода” тыя ж фарму­лёўкі былі артыкуляваныя летувіскім ана­літыкам М. Лаўрына­ві­чу­сам, Летува “знаходзіцца ў стане вай­ны”, бо “Расея пачала вайну супраць Украіны, Захаду і Летувы”. Тым часам “Беларусь не зьяў­ляецца ніякой незалежнай дзяржавай. Гэта губэрнія Расеі. У гэтай сытуацыі мы маем справу з грамадзянамі недружа­люб­най для нас краіны (!!!), таму мы павінны правяраць усіх беларусаў, якія знахо­дзяцца ў Летуве, бо яны могуць ствараць недружалюбныя нам таварыствы”. 

      Такая рыторыка ня толькі не адпа­вя­дае рэчаіснасьці, зьяўляецца зьнева­жаль­най ў дачыненьні да блізкага народу, які апынуўся ў сытуацыі гібрыднай акупацыі і супраць якога вядуцца сыстэмныя рэ­прэсіі, але і спрыяе фармаваньню ўзаем­най варожасьці паміж народамі.  

      Далей. 17-га студзеня 2024 году ле­ту­віскае тэлебачаньне TV-3 паказала ан­тыбеларускі прапагандысцкі сюжэт: «Бе­ларускае вызвольнае войска” шастае па лясах Літвы: яны пагражаюць і нам tv3.lt»

      У гэтым “журналісцкім расьсьлед­ваньні” аўтары паведамляюць, што бе­ла­русы стварылі ў Летуве вызвольную ар­мію, праводзяць вучэньні ў лясах. Гэтыя беларусы могуць быць “гібрыднай збро­яй” у руках Лукашэнкі і Пуціна. Маў­ляў, яны, беларусы, могуць быць пе­ра­ап­ранутымі ў летувіскую ваенную форму і зьдзейсьніць напад на Беларусь з тэры­торыі Летувы пад выглядам летувіскіх ваенных. Гэта ў сваю чаргу павінна справакаваць удар у адказ і пачаць вайну рэжыма Лукашэнкі-Пуціна супраць Ле­тувы. (У сапраўднасьці ніякай бела­рус­кай “вызвольнай арміі” не існуе.) 

      Пры гэтым TV-3 паказвае кадры ней­­кіх маладзёнаў у камуфляжнай форме, што муштруюцца ў лесе, пры гэтым усе яны паказаныя з адкрытымі тварамі, што дазваляе летувіскім ўладам іх ідэнтыфі­каваць і прад­ставіць доказы пагрозы, калі гэта бела­ру­сы. Аднак гэтага зроблена не бы­ло, як і не было прадстаўлена ніводна­га доказу, што людзі ў лясах Летувы – бе­ларусы. Такія дзеяньні супярэчаць прын­цыпам журналісцкай этыкі і зьяў­ляюцца нічым іншым, як дэструктыўнай палі­тычнай прапагандай, недапушчаль­най для дэмакратычнай краіны. 

      Далей у тым жа сюжэце робіцца на­ступная выснова з боку старшыні Камі­тэту па нацыянальнай бясьпецы і абаро­не Лаўрынаса Кашчунаса: “У Літву больш нельга ўпускаць грамадзян зь Беларусі”. 

      Такія “тв-праграмы”, як і словы з вуснаў афіцыйных асобаў выклікаюць заклапочанасьць і зьдзіўленьне, бо вы­гля­даюць як спроба мэтанакіраванага і сьвядомага стварэньня штучнай пагрозы і вобраза ворага зь беларусаў. 

      1-га лютага 2024 году гэты прапа­ган­дысцкі сюжэт, паказаны на TV-3, быў распаўсюджаны прарэжымным рэсур­сам BelVestnik (каля 40 тыс. падпісчыкаў) які наклаў на відыё свой пераклад і тэкст, сутнасьць якога ў тым, што ва Ўкраіне рэжым Лукашэнкі мэтанакірава­на спры­яў стварэньню палка Каліноў­скага, які ў патрэбны момант нападзе на Летуву. 

      Цытата: «На самом популярном те­леканале Литвы вышел сюжет, где полк Калиновского и белорусскую освободи­тельную армию попросту называют частью лукашенковского и путинского плана по нападению на Литовскую Республику. 

      По мнению литовского депутата Сей­ма и эксперта министерства оборо­ны Литвы, “сегодня эти белорусы трени­ру­ются в лесах под Вильнюсом, а в час “Х” нападут на белорусскую границу” (“под литовской символикой”, подчер­кива­ет­ся в сюжете) и спровоцируют Лукашенко и Путина на нападение на Литву.»

      Гэтая інфармацыя пачала хутка рас­паўсюджвацца ў інтэрнэце і ўзбуджаць нянавісьць супраць беларусаў. Па ўсіх парамэтрах гэтую зьяву можна назваць інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыяй, скіраванай супраць беларусаў і на пад­рыў добрых адносінаў паміж народамі.

      На працягу апошніх год кіроўныя эліты Летувы здзейсьнілі шэраг недаль­набачных і разбуральных крокаў, як для гаспадаркі Беларусі, так і для гаспадаркі ўласнай краіны. Былі спынены пастаўкі беларускага калія ў порт Клайпэды, што выклікала крызіс і павышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня ў сьвеце (Белка­лій займаў трэцяе месца ў сьвеце па вы­творчасьці калійных ўгнаеньняў.)

      Відавочныя памкненьні зака­на­даў­ча прыраўняць беларусаў, якія ўця­каюць ад рэпрэсіяў і генацыду, да ра­сей­цаў. Ёсьць выпадкі калі беларускіх уце­качоў ацэньваюць “небясьпечнымі для Летувы”. Беларусы, што жывуць у Лету­ве цягам дзесяткаў гадоў таксама рап­тоў­на сутыкаюцца з праблемамі лега­лі­зацыі і пагрозай дэпартацыі. Пры гэ­тым няма аб’ектыўных фактаў і доказаў ней­кай ва­рожай дзейнасьці з боку белару­саў у да­чыненьні да Летувіскай дзяржавы.

       Нядаўняй небясьпечнай ініцыяты­вай стаў намер перакрыць пункты пера­езду на мяжы зь Беларусьсю. 

      Склаецца ўражаньне, што летувіс­кія палітыкі, што цяпер ва ўладзе, страцілі пачуцьцё рэальнасьці і дзейнічаюць на­суперак гістарычным і сучасным інтарэ­сам Летувы, што можа быць выкарыста­на рэжымам Пуціна з мэтай пашырэньня напружанасьці, пачуцьцяў варожасьці паміж народамі і на гэтай глебе стварыць канфлікты ў сваіх інтарэсах.  

      Беларусы, якія ўцякаюць ад пера­сьле­ду і рэпрэсій, ня ёсьць ворагамі тых краі­наў, куды яны вымушаны зьехаць. Ра­зум­ную і гуманную палітыку ў дачыненьні да ўцекачоў праводзіць Рэспубліка Поль­шча, якая па-сяброўску прыняла сотні тысячаў беларускіх палітэмігрантаў і мільёны ўкраінцаў, забясьпечыўшы ім і сховы, і працу, і школу, і ўкраінскую мо­ву. Гэта сяброўскі рух, які ўмацоўвае Польшчу, дружбу паміж народамі і поль­скую дэмакратыю, і які павінен быць прыкладам для іншых краінаў. 

      Нажаль, дзейсная ўлада ў Летуве абрала іншы падыход і мэтад дзейнасьці, які падважвае ўласны дэмакратычны вы­бар. У 2020 годзе ўрад і грамадзтва Ле­тувы праявілі велізарную салідарнасьць і падтрымку для беларусаў. Урад краіны праводзіў годную пашаны палітыку бра­тэрскіх адносінаў. Навошта цяпер і чаму, у той момант, калі два народы найбольш патрабуюць узаемнай падтрымкі і салі­дар­насьці, рэалізуюцца спробы сутыкнуць іх у інфармацыйным супрацьстаяньні.  

      Узьнікае ўражаньне, што кіроўныя эліты не зусім разумеюць, што ў існую­чых абставінах існаваньне вольнай, не­залежнай, дэмакратычнай Беларусі гаран­­туе Летуве незалежнасьць і волю. Калі Расея зможа канчаткова зьнішчыць Бе­ларусь, і яна сапраўды пераўтворыцца ў вайсковы прыдатак пуцінскай Расеі, то тады дзяржаўнасьць Летувы сутыкнецца з рэальнай, а ня штучнай пагрозай. Бе­ла­русы ж, якія цяпер знаходзяцца ў Лету­ве, гэта важны рэсурс, які трэба выка­рыстоўваць у барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна, а не ствараць зь іх штучную пагрозу для ўласнай краіны.  

      І Беларусь, і Беларускі народ быў і ёсьць натуральным, гістарычным саюзь­ні­кам Літоўскай Рэспублікі. Нашыя на­ро­ды зьвязаныя у тым ліку і даўнімі ча­са­мі. Гэта цягнецца ад пачатку, калі існавала яшчэ наша агульная дзяржава – Вялі­кае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Цяпер, адпаведна, – Беларусь, Украіна, Летува. У гэтай парадыгме, якую сіліцца зьнішчыць Масква, ёсьць аснова нашага агульнага, вольнага геапалітычнага іс­на­ваньня, нашай агульнай моцы, незалеж­насьці і свабоды.  

      Летась рух “Вольная Бела­русь” зра­біў некалькі спробаў наладжваньня дыя­лёгу з палітычным кіраўніцтвам краіны (дэпутацкім корпусам) для ўмацаваньня канструктыўных адносін, нажаль лету­віс­кія палітыкі (кансэрватыўная партыя) ухілілася ад гэтых кантактаў. 

      Зыходзячы з таго, што дзей­сная па­лі­тыка становіцца крытычна не­бясьпеч­най для дзьвух супольнасьцяў і можа пры­весь­­ці да драматычных зда­рэнь­няў на глебе ксэнафобіі, мы лічым неабходным зьвяр­нуцца найперш да кіраўніцтва Летувы:

      - зьмяніць палітыку і стаўленьне да беларусаў;

      - нейтралізаваць шкодныя інфарма­цыйныя атакі;

      - спрыяць умацаваньню пазітыўных узаемаадносін зь беларускай дыяспарай і дапамагаць у разьвіцьці нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў;

      - знайсьці дэмакратычныя і недыс­крымінацыйныя падыходы для выхаду са склаўшайся сытуацыі праз супольную беларуска-летувіскую канфэрэнцыю па пытаньнях бясьпекі;

      Мы таксама лічым неабходным зра­біць гэты ліст даступным для міжнарод­най грамадзкасьці і для міжнародных дэ­макратычных арганізацыяў, спадзе­ючы­ся на падтрымку і салідарнасьць у выра­шэньні ўзьнікшай праблемы і ўма­ца­вань­ні сяброўства паміж народамі.

      Разам з гэтым мы спадзяемся, што сёньняшняя палітыка Летувіскай дзяр­жавы, выкліканая не зусім аб’ектыўным аналізам і ацэнкай сытуацыі, будзе спы­нена, і пераможа здаровы сэнс і добрыя дачыненьні між народамі.

      Мы адчыненыя на дыялёг па агуль­ных пытаньнях, гатовыя на сумеснае аб­меркаваньне становішча разам з правя­чай кансэрватыўнай партыяй, сацыял-дэмакратычнай апазыцыяй і з усімі за­ці­каўленымі асобамі. Мы ўпэўненыя ў доб­рай будучыні незалежнай дэмакра­тыч­най Літоўскай Рэспублікі і ў вольнай бу­дучыні дэмакратычнай Рэспублікі Бе­ла­русь. Зарукай гэтаму мусіць быць па­мяць аб нашай агульнай гісторыі і сяб­роўства паміж нашымі вольнымі народамі.

14 люты 2024 г.

Зянон ПАЗЬНЯК    
Павал УСАЎ