Skip to main content

E-KRAMA.COM - нашая старонка ў Нью-Ёрку

Электронная крама <> Бюлетэнь "Весткі й Паведамленьні" <> Альманах "Беларус" <> Архіў газэты "Беларус"
Галоўная  Навіны  Абвесткі  Крама  "Весткі й Паведамленьні"  "Рубікон"  Альманах "Беларус"  Архіў газэты "Беларус"  Кантакты  Member Login   


АПОШНІЯ ПАДЗЕІ

 

Летняя ночка купальная

 

      Для чаго з году ў год мы ладзім нашыя Купальлі, навошта менавіта мне гэта патрэбна? – пытаюць часам мяне. Адказваючы, я прыгадваю Міхаіла Мураўёва, якого ў народзе празвалі Вешальнікам, і які кіраваў падаўленьнем антырасейскага паўстаньня 1863 года. Па ягонаму загаду павесілі тысячы змагароў за волю нашага народу, у тым ліку й Кастуся Каліноўскага. Меў ён гэткае перакананьне й паводле яго жыў і дзейнічаў: “В Северо-Западном крае так называемый белоруский язык необходимо свести на нет. Если этого не сделать, он постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и праве этого народа на этническую самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя”.

      Як казаў той жа Мураўёў-Вешальнік: “Калі беларускія хлопцы пачнуць сьпяваць расейскія песьні, то яны забудуцца пра сваю нацыянальную годнасьць, ім стане ўсё роўна, хто яны й адкуль, нам не давядзецца ўжо змагайцца зь імі, тады мы возьмем іхны край ды іх самых голымі рукам”.

      А ў Беларусі па сёньняшні дзень праводзіцца палітыка зьнішчэньня мовы, культуры і традыцыяў нашага народу, а разам з тым у яго адымаецца й самая памяць аб самых сабе. Вельмі крыўдна, што гэтая палітыка так пасьпяхова рэе над нашай краінай, асымілюе наш народ і, што самае жахлівае, нашую моладзь. Вось менавіта таму мы й намагаемся праводзіць нашыя традыцыйныя народныя сьвяты, якія базуюцца на беларускім фальклёры.

      Каб спыніць гэты наступ на нацыянальную сьвядомасьць беларусаў і абудзіць моладзь, мне бачыцца адзіны спосаб зацікаўленьня ўласнай мовай і культурай праз пашырэньне правядзеньня традыцыйных фальклёрных абрадаў і сьвятаў. Моладзь добраахвотна бярэ ў іх удзел і, сьпяваючы свае нацыянальныя песьні, пачынае адчуваць, што мы маем сваю адметную мову й культуру. Правесьці на расейскай мове пікнічок на прыродзе можна, а вось купальскі абрад – не атрымаецца, бо ён грунтуецца на беларускіх песьнях.

      Паводле этымалёгіі назвы Беларусь, праўдзівасьць якой адстойвалі яшчэ В. Тацішчаў, А. Кіркор, Я. Карскі, зямля беларусаў атрымала сваю назву ад белага колеру адзеньня і антрапалягічнага тыпу яе жыхароў. Магчыма, гэта так і было. Такім чынам Беларусь – гэта “белая краіна” або “зямля ў белых строях”. У перакладзе на лацінскую мову назва гучыць ТЕRRА ALBA. Але слова “albа” азначае таксама і “пярліна”, і “сьвяты”. Такім чынам гэта “зямля-пярліна”, “зямля сьвятая”. Недасягальны чалавечаму разуменьню промысел Божы, і неспавядальныя шляхі Гасподнія. Як выказаў гэта ў свой час Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч:

Божа наш, Ты шыбнуў на зямлю чалавека,

І няшчасьця бярэма і шчасьця ад веку

Ты прызначыў яму выганяючы з раю, –

Як жа ў смутак душы яго любасьць да краю

Ты ўліў?

      Адзінаю згадкаю для чалавека пра ягоную страчаную калісьці “нябёсную Радзіму” зьяўляецца Радзіма зямная, дзе ён нарадзіўся, дзе пачуў першае матчынае слова, дзе пахаваныя ягоныя продкі й народзяцца ягоныя дзеці.

      Калі мы праводзім нашыя нацыянальныя абрадавыя сьвяты, тым самым мы працягваем справу Кастуся Каліноўскага й усіх тых змагароў, якія аддалі свае жыцьці за волю нашае краіны й нашага народу. Таму начамі пасьля працы я вышываю й рыхтую беларускія строі, вучу песьні, каб тую моладзь, што прыйдзе да нас упершыню, апрануць у белыя строі, каб ня сталі чужынцамі для сваёй зямлі й свайго народу.

      Цыклічна замкнутае жыцьцё старажытных людзей было запоўнена шматлікімі рытуаламі. Згодна лёгіцы міталягічнай сьвядомасьці, уяўныя акты стварэньня Космасу неабходна было пэрыядычна паўтараць у час важнейшых сьвятаў, зьвязаных з кругазваротам прыродных цыкляў ці з такімі галоўнымі падзеямі жыцьця чалавека, як нараджэньне, пахаваньне і г. д. Узорамі для рытуальных дзеяньняў лічыліся ўчынкі багоў, герояў ці першапродкаў.

      У міталягічных уяўленьнях продкаў беларусаў шэраг пэрсанажаў быў адказныя за нараджэньне. Адным з найархаічнейшых такіх пэрсанажаў была Мара. Такім імём называлі яшчэ да ўзьнікненьня пантэону архаічную Вялікую багіню, апякунку як нараджэньня, так і сьмерці. Суаднесеннасьць Мары з вадою і вільгацьцю, а значыць з каханьнем і жыцьцём, спрычынілася да таго, што з гэтым імём зьвязанае індаэўрапейская назва “мора”, а “мор” – гэта балота, хвароба, злы дух, сьмерць. У касьмічным пляне Мара зьвязаная са штогадовымі цыклямі паміраньня й ўваскрашэньня прыроды.

      З Мараю зьвязаная Мар’я купальскіх песьняў, яна ж Купала. У некаторых легендах яна то сястра, то жонка Пяруна-Ярылы-Юр’і, зьвязанага з жыцьцём і агнём, як і імя Ільля або Йван. Тут відавочна прасочваюцца матывы інцэсту Мары на Купальле са сваім братам (напэўна Вялікім богам Грымотнікам-Перуном). Таму шмат купальскіх песень пра кветку Іван-ды-Мар’я:

Іван, Іван да Мар’я,

Вох-і, лю-лі, ды Мар’я,

А на гарэ Купальля,

Вох-і. Лю-лі, Купальля...

      У адных мясцовасьцях пудзіла лялькі Марэны або Купалы спальвалі, у другіх – тапілі, бо яна ўспрымалася як сымболь зла.

      Вада выступае ў ролі жаночага пачатку, як аналяг мацярынскага ўлоньня і чэрава, а таксама апладнёнага сусьветнага яйка. Шырока распаўсюджаным індаэўрапейскім матывам зьяўляецца ўяўленьне пра шлюбны саюз неба, як мужчынскага пачатку, з вадою ці зямлёю.

      У ідэале традыцыйна Купальле праводзіцца ноччу з 20 на 21 чэрвеня, калі самая кароткая ноч і, адпаведна, самы доўгі дзень. Але ўсе мы зьвязаныя вучобаю і працаю, таму прымяркоўваем яго да бліжэйшых выходных дзён. Так было і сёлета 24 чэрвеня. Абмежаваньня прымаць удзел у абрадзе па ўзросьце не існуе, проста кожны выконвае сваю функцыю. Спачатку прагучэла зазыўная песьня:

Добры вечар,

Добрым людзям,

Клічам мы вас на Купальле...

Купаліш і Купалінка      Мы абралі Купаліша – Анатоля Цяценькіна, потым ён сам абраў сабе Купалінку – Кацярыну Пратт. Пры апошніх сонечных промнях, яны ўдвох распалілі паходняй купальскае вогнішча. І разьліліся песьні, закружыліся карагоды: “Пойдзем, дзеўкі, кругом жыта”, “Чырвоная ружа”, “У Кузьмы на дварочку”, “А на гарэ купарос рос”, ”Перад Пятром пятым днём разгуляўся Йванаў конь” ды іншыя.

      У гэты раз купальшчыкаў сабралася больш за сотню. Нам катастрафічна не хапала тае купальскае паляны, таму мусілі карагоды замяніць на крывыя танкі. Самае прыемнае, што ўсе былі ўдзельнікамі, сьпявалі й танчылі, акрамя невялічкай колькасьці, хто завітаў да нас невядома для чаго й ўзіраўся з кустоўя.

      Пад час гульні ў “Падушачку”, хлопец ў строі нячысьціка скраў Купалінку. Але Князь-Купаліш хутка знайшоў яе. Пакуль яна старалася па-беларуску павіншаваць ўсіх са сьвятам, частка купальшчыкаў нырнула ў кусты на іншыя пагоркі, мабыць, шукаць папараць-кветку. А самыя стойкія спалілі ляльку Марэну, як сымболь зла й працягвалі гульні ў “Цяцерку”, “Баяроў” ды іншыя. Потым пачаліся ачышчальныя скокі праз даволі яшчэ высокае вогнішча. Хлопцы й дзяўчаты адчайна пераляталі празь яго. Найбольш у гэтай справе вылучыўся Алесь Тур. Яго так і празвалі Лятучы Алесь або Лятучы Тур.

      А тым часам мы выправіліся ачышчацца вадою возера. У лясной цемры мы скінулі ўсю вопратку й такімі, якія ёсьць, акунуліся ў прыціхшае, бы соннае, возера. Вада пяшчотна агарнула прахалодаю нашыя разгарачонныя вогнішчам целы. Зь неба на нас узіраліся вялічэзныя зоры, якія, здавалася, наблізіліся да вады, каб, як і мы, акунуцца ў яе.

Летняя ночка купальная,

Лёгкай растаяла зьнічкаю,

Падаюць зоры сьвітальныя

Ў чыстыя воды крынічныя...

      Ачышчаныя й абноўленыя, бы толькі што народжаныя, вярнуліся да купальскага вогнішча. Там ўжо Сяржук Сокалаў-Воюш пачаў частаваць нас сваім крупнікам. А тым часам і Юры Кавальчук, які сёлета узяў на сябе клопат па падрыхтоўцы сушняку, вырабу купальскага кола й складаньню самаго вогнішча, як раз згатаваў наш традыцыйны гарачы крупнік з амаль трыццаці траваў на мёдзе й гарэлцы. Цяпер можна было падсілкавацца, каб працягваць сьпяваць ўжо пазаабрадавыя песьні пра каханьне.

      Хочацца падзякаваць Алене і Юры Кавальчукам, якія ўзялі на сябе клопаты па практычнай арганізацыі сьвята, Віталю Зайку, які афіцыйна замовіў дазвол на правядзеньне сьвята ў запаведніку. Спадзяюся, што ўсе засталіся ўдзячнымі й мне за вырабленыя мною белыя строі, правядзеньне самаго абраду й тое, што была завадатаркаю ў сьпевах ды карагодах. Было вельмі прыемна, што ўсё прайшло ў згодзе й павазе адзін да аднаго. Таму вялікі дзякуй усім, хто быў з намі ў гэтую купальскую ноч.

Валяньціна ЯКІМОВІЧ
Здымкі Валерыя РУДНЁВА


Чэрвеньскі сход Згуртаваньня "Пагоня"


      У суботу, 10 чэрвеня, у Доме Маракоў на Мангэтане прайшоў чарговы чэрвеньскі сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”. Сход адкрыў старшыня Згуртаваньня “Пагоня” сп. Віталь Зайка. Ён адразу прадставіў выступоўца, славутага грамадзкага дзеяча і навукоўца, гісторыка беларускай грамады ў Амэрыцы сп. Вітаўта Кіпеля.

      Напачатку сваёй гутаркі сп. Вітаўт Кіпель распавёў пра сябе, пра сваіх бацькоў і Менск, горад у якім ён нарадзіўся ў 1927 годзе. Ён затым узгадаў дзяцінства ў Налінску, куды ягонага бацьку выслалі як “нацдэма”, і ў Арле. Бацьку, як беларускага нацыянальнага дзеяча, перасьледвалі Саветы па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Перш выслалі, а затым арыштавалі і асудзілі на 5 год зьняволеньня. Затым была вайна, вяртаньне ў Менск, і потым эміграцыя.

      Вітаўт скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, браў удзел у беларускім скаўцкім руху. Затым паступіў у Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі, на геалягічны факультэт. Пасьля сканчэньня яго меўся ехаць у Конга або Марока, але акурат зьявілася магчымасьць пераехаць у Амэрыку, і ў 1955 годзе ён прыехаў у ЗША.

      Пасьля пераезду ён ажаніўся зь сяброўкай па гімназіі й унівэрсытэце Зорай Савёнак. Увесь час сп. Кіпель браў удзел у беларускай грамадзкай дзейнасьці, перш у Саюзе Беларусаў Бэльгіі, пасьля ў шэрагу беларускіх арганізацыяў у Амэрыцы, у тым ліку ў Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньні (БАЗА). Таксама далучыўся да палітычнай амэрыканскай дзейнасьці, быў старшынём Фэдэрацыі Беларускіх Рэспубліканскіх Клюбаў. Пасьля прыезду ў Амэрыку быў пэрыяд адаптацыі, “хвалісты” час. Празь нейкі час сп. Кіпель стаў думаць пра зьмену спэцыяльнасьці, займацца тым, што здавалася важным для беларускай дзейнасьці, і цалкам пералучыўся на гуманітарную ніву. Ён скончыў факультэт інфарматыкі й бібліятэказнаўства пры Ратгерскім унівэрсытэце і потым стаў працаваць у Славянскім і Балтыйскім аддзеле Нью-Ёрскай Публічнай Бібліятэкі. У гэты час занаяўся прафэсійным досьледам у галіне беларускай бібліяграфіі, і таксама працягваў пошукі матэрыялаў па гісторыі беларускай іміграцыі ў Злучаныя Штаты. Зь ягонай дапамогай значна пашырыўся фонд беларускіх выданьняў Бібліятэкі.

      З 1982 году сп. В. Кіпель стаў кіраўніком Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ), у якім актыўна працаваў і раней. БІНіМ дасюль вядзе навуковую і выдавецкую дзейнасьць, друкуе манаграфіі й пэрыёдык “Запісы БІНіМ”.

      У 1993 у Менску ў пракладзе Сяргея Шупы з ангельскай мовы выйшла кніга Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША”. Кніга адразу набыла вялікі розгалас і папулярнасьць. У 1999 годзе яна выйшла па-ангельску, і вось цяпер зьявілася другое, пашыранае і дапоўненае,  выданьне, якое ўлучае таксама пэрыяд пасьля 1993 года і да цяперашняга дня.

      Затым сп. Вітаўт Кіпель спыніўся на сваёй кнізе і на асноўных пэрыядах эміграцыі беларусаў у ЗША, падкрэсьліўшы, што беларусы пачалі сяліцца ў Амэрыцы яшчэ ў каляніяльныя часы. Затым былі славуты чын Т. Касьцюшкі,  удзел у змаганьні за незалежнасьць Злучаных Штатаў, праца беларускіх ксяндзоў-езуітаў па разьвіцьці сыстэмы адукацыі, стварэньні Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту. Зь сярэдзіны 19 ст. пачынаецца масавая іміграцыя ў ЗША гэбраяў зь Беларусі, а пачынаючы з апошняга дзесяцігодзьдзя 19 ст., таксама і масавая іміграцыя этнічных беларусаў. У канцы 19-га – пачатку 20 ст. прыехаўшых пераважна рэгістравалі па краіне паходжаньня або па рэлігійнай прыналежнасьці. Таму раньняя беларуская эміграцыя называлася “расейская”, хаця этнічных расейцаў у яе шэрагах было вельмі мала, пераважалі гэбраі, беларусы і ўкраінцы. Пэўная  колькасьць беларусаў эмігравала з Заходняй Беларусі, і яны мелі ўжо больш акрэсьленую нацыянальную прыналежнасьць. Калі пачалася другая хваля іміграцыі, і людзі сталі ўтвараць свае нацыянальтныя арганізацыі, цэрквы ды іншыя ўстановы, тады беларуская прыналежнасьць перастала выклікаць сумневы ды спрэчкі, як гэта бывала сярод ранейшых імігрантаў. Прамоўца таксама закранаў лічбы беларусаў у Амэрыцы. У нашыя часы беларуская іміграцыя працягваецца, і беларуская прысутнасьць у Амэрыцы пашыраецца. “Далейшая будучыня беларускай іміграцыі – у руках цяперашняй моладзі, у вашых руках”.

      Сп. Вітаўт Кіпель адказаў на пытаньні прысутных і, між іншага, адзначыў, што пачалі паступаць новыя матэрыялы, што могуць быць скарыстаныя для 3-га выданьня кнігі “Беларусы ў ЗША”.

Затым старшыня “Пагоні” сп. В. Зайка ад імя прысутных павіншаваў сп. В. Кіпеля з 90-мі ўгодкамі й пажадаў здароўя, сілаў і дачакацца выхаду 3-га выданьня кнігі. Юбіляру адсьпявалі “100 год” і прэзэнтавалі вялікі торт са сьвечкамі “90”.

      Затым прысутныя мелі нагоду выпіць за здароўе сп. Кіпеля і пагутарыць з юбілярам. Таксама прагучэлі аб’явы і паведамленьні, асноўнае зь якіх – пра надыходзячае 24-25 чэрвеня сьвяткаваньне Купальля.

Віталь ЗАЙКА



Травеньскі сход Згуртаваньня “Пагоня”

 

      У суботу, 13 траўня, у Доме Маракоў на Мангэтане прайшоў чарговы сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”. Напачатку, для тых хто першы раз прыйшлі на сход, старшыня арганізацыі сп. Віталь Зайка распавёў пра яе дзейнасьць, мэты і прынцыпы.

      Сп. Віктар Едзіновіч выступіў з кароткай, але вельмі зьмястоўнай і цікавай прэзэнтацыяй пра паўстаньне 1831 года (Лістападаўскае паўстаньне), пра якое няшмат цяпер вядома. Ён акрэсьліў храналёгію і ход паўстаньня, удзел у ім беларусаў і асабліва спыніўся на асобе Эміліі Плятэр, што зрабілася сымболем польскага вызвольнага руху, але, як і Тадэвуш Касьцюшка, таксама належыць двум народам, польскаму і беларускаму.

      Затым адбылася гутарка-прэзэнтацыя фотамастака Алеся Крыштаповіча. Напачатку сп. Крыштаповіч распавёў пра сябе, пра вучобу ў Менску і захапленьне фатаграфіяй. Пасьля заканчэньня тэхналягічнага тэхнікуму ў Менску быў мабілізаваны ў савецкае войска, служыў у Сярэдняй Азіі. Потым быў пасланы ў Аўганістан, служыў у Дар-уль-Амане, Хосьце, Кабуле. “Здавалася, што тая сытуацыя ня скончыцца ніколі, тое напружаньне, адчуваньне свайго існаваньня сярод народу, які ўспрымаў савецкіх жаўнераў як ворагаў. Таксама былі відавочнымі хібы сыстэмы савецкай акупацыі, абмежаванасьць і хамства каманднага складу, затурканасьць шараговых байцоў, якім не прадугледжвалася мець сваёй думкі, праяўляць ініцыятыву”. Прамоўца ўзгадаў выпадак з камандзірам, які ў адказ на запыт пра  інфармацыю, што патрэбная была для выкананьня абавязкаў, пагражаў аддаць пад трыбунал за “намер скрасьці ваенную таямніцу”! Але сярод афіцэраў былі й нармальныя людзі; праз аднаго зь іх удалося атрымаць высланыя бацькамі фотаапарат і фотаматэрыялы. Стаў рабіць здымкі, фатаграфаваў сяброў, аўганцаў і сцэны на вуліцах, але ўсё гэта трэба было рабіць цішком, хаваючыся ад начальства. Зробленыя здымкі й нэгатывы ўдалося правезьці назад у СССР.

      Затым фотамастак працаваў у Музэі народнай архітэктуры й побыту ў Строчыцах, актыўна здымаў – былі часы перабудовы і беларускага нацыянальнага адраджэньня 1980-х. Ён публікаваў свае здымкі ў газэтах “Наша Ніва”, “Свабода”. Хадзіў на акцыі “нефармальных”, як тады казалі, арганізацыяў, здымаў дзеячоў нацыянальнага руху, у тым ліку такіх вэтэранаў, як Зоська Верас, і маладых адраджэнцаў. Стаў спэцыялізавацца на жанры партрэту. Цікавіла выяўленьне ўнутранай псыхалягічнай сутнасьці асобы праз мастацтва партрэту. Шмат фатаграфаваў у Беларусі і працягнуў гэтую дзейнасьць, апынуўшыся напачатку 1990-х гадоў у Амэрыцы. Тут таксама цікавіць асоба, характар і кантэкст.

      Далей прамоўца спыніўся на сваім амэрыканскім пэрыядзе жыцьця і творчасьці. Адною з музаў фотамастака, прысутнай на шмат якіх творах, стала кампазытарка і сьпявачка Вольга Казак-Анлар. Ён таксама выказваў свае думкі наконт сучаснага стану фотамастацтва і стаўленьня да яго грамадзтва, згадаў творчасьць фотамастачкі Вівіян Маер. Сп. Крыштаповіч удзельнічаў у шматлікіх конкурсах, мае прэстыжныя ўзнагароды. Гутарка фотамастака ілюстравалася слайд-паказам праз праектар.

      Пасьля сп. Алесь, што прыехаў зь Віцебска, падзякаваў “Пагоні” за дапамогу і спагаду, падкрэсьліўшы важнасьць ўзаемадапамогі беларусаў удалечыні ад Бацькаўшчыны. Ён заклікаў прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні МозгаБойня. Затым прысутныя мелі нагоду пашырыць і паглыбіць знаёмствы пры сьціплых пачастунках.

Віталь ЗАЙКА



Чарнобыльскі мітынг у Нью-Ёрку

 

      У сераду, 26 красавіка 2017 года, перад будынкам штаб-кватэры Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў на Мангэтане прайшоў мітынг, прысьвечаны 31-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Мітынг быў ладжаны Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваньнем “Пагоня” як выказ салідарнасьці й падтрымкі беларусам, што пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі й дасюль вымушаныя сутыкацца зь яе наступствамі. Гэта таксама выказ пратэсту супраць той абыякавасьці, якую праяўляюць улады ў Беларусі, замоўчваючы сапраўдную сытуацыю ў забруджаных раёнах, і будуючы Астравецкую атамную станцыю – патэнцыйную крыніцу новай радыяцыйнай небясьпекі ды ўзмацненьня энэргазалежнасьці ад Расеі.


      Напачатку мітынгу перад прысутнымі выступіў старшыня Згуртаваньня “Пагоня” сп. Віталь Зайка. Ён нагадаў асноўную інфармацыю пра падзеі, калі ў выніку некантраляванага функцыянаваньня рэактара на Чарнобыльскай атамнай станцыі адбыўся выбух і пашкоджаньне рэактару, пачаўся пажар, і ў выніку – масіўны выкід у атмасфэру радыяактыўных рэчываў. Каля 70% абшару Беларусі тады было забруджана нуклідамі ў выглядзе радыёактыўных ападкаў. А на абшары, дзе ўзровень радыяцыі значна перавышаў сантітарныя нормы, апынулася больш за 2 мільёны людзей, 25% усяго насельніцтва Беларусі. Але, нягледзячы на пагрозу для здароўя, у першыя дні й тыдні пасьля аварыі ўлады ўсяляк замоўчвалі памер катастрофы і не даводзілі да насельніцтва меры, якія маглі б абараніць здароўе людзей. Ужо пасьля некалькі соцень тысяч чалавек з радыацыйнай зоны былі прымусова пераселеныя на новыя месцы пражываньня. Тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва БССР адмовілася ад дапамогі з боку ўраду ў Маскве, каб паказаць сваю “ахвярнасьць” і “гераізм” з прыцэлам на вышэйшыя пасады ў Крамлі. Шмат людзей атрымалі промневую хваробу, што маскавалася як “вэгетатыўна-сасудзістыя захворваньні” і захворваньні шчытападобнай залозы.

      З набыцьём Беларусьсю незалежнасьці былі зробленыя крокі да стабілізацыі становішча ў забруджаных рэгіёнах, публікаваліся мапы забруджаньня, ліквідатарам, пацярпелым і перасяленцам былі ўведзеныя ільготы, выплочвалася дапамога. Калі да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка, праўда аб становішчы ў чарнобыльскай зоне стала хавацца, ільготы й выплаты былі адмененыя. Лукашэнка штогод стаў наведваць паасобныя населеныя пункты ў зоне забруджаньня і выступаць з заявамі, што тэрыторыя стала чыстай і там ужо зусім бясьпечна жыць і працаваць. Тых, хто як навуковец Юры Бандажэўскі, аспрэчвалі афіцыёзную пазыцыю, рэжым перасьледваў і кідаў за краты, паказваючы, што можа здарыцца з “праўдашукальнікамі”. Між тым на забруджаных землях працягваюць жыць каля 12% насельнікаў краіны. Затым пад прыкрыцьцём размоваў пра “энэрганезалежнасьць” рэжым пачаў будаваць АЭС у Астравецкім раёне, без шырокага абмеркаваньня і нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці. Абсталяваньне й эксплюатацыю АЭС будуць ажыцьцяўляць расейскія фірмы і, адпаведна, энэргазалежнасьць ад Расеі толькі пыглыбіцца.

      Таму мітынгоўцы выйшлі на пляцоўку перад штаб-кватэрай ААН, каб выказаць сваю салідарнасьць з пацярпелымі ад Чарнобыльскай катастрофы і заявіць свой пратэст супраць палітыкі Лукашэнкі ў адносінах да праблемаў, зьвязаных з радыяцыйным забруджаньнем і радыяцыйнай небясьпекай у Беларусі.

      Затым са сваімі ўражаньнямі ад падзеяў, зьвязаных з Чарнобыльскай аварыяй, выступіў сп. Віктар Едзіновіч.

      Удзельнікі мітынгу скандавалі лёзунгі: “Спыніць новы Чарнобыль у Беларусі!”, “Беларусь – так! Лукашэнка – не!”, “Жыве Беларусь!”, мінакам раздаваліся ўлёткі пра гадавіну Чарнобылю і пра мэты мітынгу. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, удзельнікі трымалі плякаты, што інфармавалі пра гадавіну аварыі й выказвалі пратэст супраць будовы АЭС у Беларусі.

Віталь ЗАЙКА



Красавіцкі сход Згуртаваньня “Пагоня”


      У суботу, 8-га красавіка, адбыўся чарговы красавіцкі сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня “Пагоня”. Напачатку сходу старшыня арганізацыі сп. Віталь Зайка распавёў для тых, хто прыйшоў упершыю, пра мэты і прынцыпы арганізацыі, а таксама пра яе дзейнасьць. Ён спыніўся таксама на нядаўніх акцыях, што ладзіла і ў якіх брала ўдзел”Пагоня” ў сувязі зь нядаўнімі дэманстрацыямі й пратэстамі ў Беларусі супраць падатку на беспрацоўе.

      Затым сп. Зайка паведаміў пра адыход у вечнасьць выбітнага на эміграцыі ў ЗША паэта Міхася Кавыля, які памёр у Саўт-Рывэры, Нью-Джэрзі, на 102-м годзе жыцьця. Міхась Кавыль (псэўдонім Язэпа Лешчанкі) нарадзіўся на Случчыне, рана пачаў пісаць вершы (як Міхась Маёвы), уваходзіў у літаратурную суполку “Маладняк”. Вучыўся ў Белпэдтэхнікуме, што стаў школай усьведамленьня для шмат каго з выбітных постацяў часоў беларусізацыі. Гэта не засталося па-за ўвагай карнага воргану бальшавізму – ГПУ, і Міхась Кавыль быў у 1933 годзе арыштаваны. Ён узгадваў, што яму надавалі сілы выявы “Пагоні”, якія паказвалі сьледчыя, спрабуючы абвінаваціць у антыбальшавіцкай дзейнасьці. Затым па выдуманым абвінавачаньні аб прыналежнасьці да контрэвалюцыйнай арганізацыі паэт адбыў 3 гады ў зьняволеньні на Далёкім Усходзе. Пасьля вызваленьня яму не далі вярнуцца ў Беларусь, уладкаваўся на працу настаўнікам у Варонежы. Падчас Другой сусьветнай вайны ён быў змабілізаваны ў Чырвоную армію і трапіў у палон пад Харкавам у 1942 годзе. З дапамогаю прадстаўнікоў групы Акінчыца, што езьдзіла па лягерах ваеннапалолонных і вызваляла беларусаў для нацыянальнай працы на Бацькаўшчыне, Міхась Кавыль вярнуўся ў Беларусь і стаў працаваць у Саюзе Беларускай Моладзі (СБМ). У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну, быў там у ДП-лягерох, выдаў кніжку вершаў “Ростань” (1947). Затым пераехаў у Бэльгію і з 1950 году стаў жыць у ЗША. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім і рэлігійным жыцьці, працаваў у Беларускім Кангрэсовым Камітэце Амэрыкі, быў рэдактарам газэты “Беларуская Трыбуна” і часапісу “Беларуская Думка”. У Амэрыцы выйшаў шэраг зборнікаў ягоных твораў, сярод іх набольш поўны “Міжагнёўе” (БІНіМ, 1990). Паэт быў ахвярным, таварыскім і актыўным чалавекам, граў на акардэоне, стьпяваў у царкоўным хоры, пісаў скетчы й невялікія п’есы для беларускай нядзельнай школы. Ён быў любімы й шанаваны суродзічамі й парафіянамі. Але творчасьць ягоная, нажаль, зусім мала вядомая на Бацькаўшчыне, хоць, па словах ангельскага дасьледчыка беларускай літаратуры Арнальда Макміліна, Міхась Кавыль па ўзроўні сваіх вершаў мусіў бы быць народным паэтам.

      Затым сп. Віталь Зайка і сп-ня Валянціна Якімовіч прачыталі шэраг вершаў Міхася Кавыля. Сп-ня Якімовіч распавяла пра традыцыйныя абрады беларусаў, пра абрадавы фальклёр. Яна пачала з уласных успамінаў, як прыйшла да беларускага фальклёру і зацікавілася народнымі сьвятамі. “Усё пачыналася з суполкі “Майстроўня” напачатку 1980-х, затым утварылася аб’еднаньне “Талака”. Сп-ня Якімовіч згадала Гуканьне вясны ў 1986 годзе, калі камуністычныя ўлады нацкавалі на дзяўчатаў і хлопцаў, што бралі ўдзел у сьвяткаваньні, вэтэранаў вайны ў Аўганістане. Затым яна распавяла пра сымбалізм беларускіх абрадаў і пра свой досьвед аргнанізацыі Купальляў у ЗША, пачынаючы з 2000 года.

      Сп. Зайка зрабіў аб’яву пра сёлетняе Купальле, што мае адбыцца 24-25 чэрвеня ў Паўнд-Рыдж на поўнач ад Нью-Ёрку.

      Затым у разьдзеле “Рознае” адбыліся знаёмствы з гасьцямі “Пагоні”, а пасьля прысутныя мелі нагоду працягнуць знаёмства і калегавацца пры сьціплых пачастунках.

Віталь ЗАЙКА


Сакавіцкі сход Згуртаваньня “Пагоня”




      У суботу 25 сакавіка 2017 года ў Доме Маракоў на Мангэтане ў Нью-Ёрку прайшоў чарговы, сакавіцкі, сход Згуртаваньня “Пагоня”. Напачатку сходу з уступным словам выступіў старшыня Згартаваньня сп. Віталь Зайка. Прамоўца распавёў коратка пра значнасьць і надзённасьць найвялікшага беларускага нацыянальнага сьвята і закрануў гісторыю і падзеі, што адбыліся ў тыя далёкія цяпер часы, калі беларусы поруч з іншымі народамі Эўропы заявілі на руінах некалькіх імпэрыяў аб сваіх правах на незалежнае дзяржаўнае жыцьцё, і што кожны народ варты збудаваць свой нацыянальны дом. Менавіта абвешчаньне БНР зрабілася перадумоваю ўтварэньня ланцужку беларускай дзяржаўнасьці, што перажыла камуністычнае панаваньне і, дзякуючы высілкам дэмакратычнай дэпутацкай групы, а таксама высілкам мільёнаў беларускіх патрыётаў, прывяла да аднаўленьня беларускай незалежнасьці ў 1991 годзе.

      Сп. В. Зайка адзначыў, што сёлета сакавік і 99-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі азмрочаныя рэпрэсіямі й перасьледам, якія рэжым Лукашэнкі ўжывае супраць беларускіх людзей, што падняліся супраць несправядлівага падаткаабкладаньня і патаптаньня чалавечай годнасьці. Тым ня менш падвышэньне актыўнасьці людзей у Беларусі дае надзею на тое, што неабмежаванае панаваньне рэжыму Лукашэнкі набліжаецца да краху, і ў будучыні, магчыма ўжо на 100-я ўгодкі незалежнасьці ў наступным годзе, мы будзем сьвяткаваць самае вялікае беларускае сьвята ўжо ў вольнай і сапраўды незалежнай, сапраўды беларускай Беларусі.

      Затым перад прысутнымі выступіў паэт, сьпявак і музыка сп. Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён коратка распавёў для моладзі пра сябе і сваю творчую дзейнасьць, пра сваю “творчую майстэрню”. Затым сп. Сокалаў-Воюш выканаў пад гітару шэраг сваіх вядомых песьняў, сярод якіх былі “Ніколі не будзе над намі Расея”, “Прыстанкі”, “На барыкадзе”, “Каханыя-любыя”, “Аксамітны летні вечар” ды іншыя. Адмыслова да апошніх падзеяў у Беларусі музыка напісаў песьню “Годзе! “, якую з задавальненьнем выканалі разам усе прысутныя на сходзе.

      Пасьля афіцыйнай часткі адбылося сьвяткаваньне беларускага нацыянальнага сьвята, а таксама калегаваньне і знаёмствы, пры віне і пачастунках.

Віталь ЗАЙКА
      Відэа са сходу можна паглядзець тут



Акцыя пратэсту і салідарнасьці ля кансуляту Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку

 



      У пятніцу 24 сакавіка 2017 года ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі, пратэстамі насельніцтва і рэпрэсіямі з боку ўладаў, на Мангэтане прайшла акцыя каля касуляту Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку, арганізаваная Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваньнем “Пагоня”. Напачатку акцыі выступіў старшыня Згуртаваньня сп. Віталь Зайка, які распавёў пра сумнавядомы дэкрэт Лукашэнкі №3, які ўвёў падатак на беспрацоўе для жыхароў Беларусі.

      Некалькі тыдняў таму, у лютым месяцы, пачаліся пратэсты супраць гэтага падатку, прычым, калі першы мітынг прайшоў у Менску, дык наступныя прайшлі шмат у якіх іншых гарадох Беларусі, у якіх раней не было заўважана шмат сацыяльнай і палітычнай актыўнасьці, напрыклад, у Бабруйску, Воршы, Баранавічах, Рагачове, Маладэчне, Слоніме ды інш. Людзі перасталі пасыўна ўспрымаць тыя экспэрымэнты, якія на імі ставіць рэжым Лукашэнкі. Але ў адказ на мітынгі й дэманстрацыі ўлада пайшла па звыклым шляху рэпрэсіяў, арыштаў, хуткіх судоў, што ігнаруюць паказаньні сьведкаў і затое цалкам карыстаюць сфабрыкаваныя абвінавачаньні збоку АМОНу і міліцыі, якія часьцяком зусім абсурдныя і супярэчаць лёгіцы. Прамоўца ў прыватнасьці сказаў: “Таму сёньня мы выйшлі на гэтую пляцоўку перад кансулятам Рэспублікі Беларусь, каб сказаць сваё “не!” палітыцы рэжыму Лукашэнкі і выказаць падтрымку беларускім людзям, якія выходзяць пратэставаць супраць гэтай палітыкі ў абарону сваёй годнасьці й чалавечых правоў”.

      У акцыі ўзялі ўдзел больш за 50 чалавек, некаторыя зь іх прыбылі з Маямі й іншых мясьцінаў Флёрыды, з Філядэльфіі й Нью-Джэрзі. Гучэлі прамовы з пратэстам супраць абсурднага антычалавечага падатку на беспрацоўе і супраць рэпрэсіяў і тэрору ў Беларусі; выказвалася салідарнасьць з пратэстуючымі ў гарадах і мястэчках Беларусі. Падкрэсьлівалася небясьпека дзеяньняў Расеі, якая “пад шумок” можа разьвязаць дзеяньні па інкарпарацыі Беларусі, як гэта было падчас падзеяў на кіеўскім Майдане ў 2014 годзе.

      Напрыканцы мітынгу была прынятая рэзалюцыя з патрабаваньнем адмяніць адыёзны дэкрэт Лукашэнкі пра падатак на беспрацоўе і вызваліць усіх затрыманых і зьняволеных на акцыях пратэсту. Была падкрэсьленая салідарнасьць з пратэстоўцамі. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, гучэлі лёзунгі, мінакам раздаваліся ўлёткі пра мэты акцыі.

Віталь ЗАЙКА
Відэа з мітынгу можна паглядзець тут


Гуканьне вясны ў Брукліне

 

      Міжволі ўзгадваюцца радкі расейскага паэты Фёдара Цютчэва, напісаныя яшчэ ў 1836 годзе:

Зіма нядарма зьліцца,

Прайшля яе пара –

Вясна ў вакно стучыцца

І гоніць са двара...

 

      Сапраўды, пасьля Стрэчаньня зімы зь вясною, што адбываецца штогод 14 лютага, замест пацяпленьня ў Нью-Ёрку пачаліся дзіўныя перапады надвор’я: то +21, а празь дзень -10. Пайшла рэальная барацьба зімы зь вясною.

      Паколькі гукаць вясну можна з 1 сакавіка да Вялікадня, то спачатку мы прызначылі правядзеньне абраду на 5 сакавіка, але -10 у Нью-Ёрку з мокрым парывістым ветрам змусіў зрабіць карэктуру. Перанесьлі імпрэзу на тыдзень пазьней. Сыноптыкі абяцалі нулявую тэмпературу, а ўраньні зноў аказалася -10. Адступаць не было куды.

      Дзякуй Богу, што ёсьць у нашым асяродзьдзі гэткая зухаватая Ганна Шарко, якая за што ні возьмецца – усё зробіць і іншых за сабою павядзе. Прапанавала яна правесьці нашае Гуканьне ў бруклінскім Праспэкт парку на маляўнічым узбярэжжы возера ля альтанкі. Усе пагадзіліся.

      Вецер з возера адчуваўся паўсюль. Рукі й твары качанелі ад холаду. Пачаў браць сумніў, ці прыедзе ж хто. Ажно прыехаў зь Нью-Джэрзі Сяржук Сокалаў-Воюш з жонкаю Ганнаю і сынам Сьветавітам, а за імі пачалі прыяжджаць і іншыя хлопцы й дзяўчаты, нават двое маладзенькіх маці зь немаўлятамі.




      Было вельмі халадно, але ўсім хацелася пакрасавацца ў вышыванках, таму хлопцы пачалі апранаць іх проста наверх куртак з капюшонамі. Таму выглядалі яны крыху камічна-грубаватымі. Адзін толькі Алесь Тур, які й у гэткае надвор’е плавае ў акіяне па пятнаццаць хвілінаў штодня, красаваўся ў адной ільняной вышыванцы.

      Пачалі гукаць вясну:

 

Вясна, хадзі ў двору,

Нясі ключ за сабою,

Зіму замыкаці,

Вясну адмыкаці...

 

      Каб сагрэцца, закружыліся ў хуткіх карагодах, зьмяняючы адну песьню на другую. Ганна адарыла ўсіх печывам у выглядзе птушак. Дзеці пасыпалі на пагорку грэчкі, каб хутчэй прыляталі птушкі й прынесьлі нам на скрыдлах цяпло. Тады пайшлі тапіць у возеры ляльку-ведзьму Марэну, як сымболь зімы, холаду ды зла, каб разам зь ёю зьніклі й усе нашыя праблемы й хутчэй запанавала вясна ды цёплыя дзянёчкі.

      І тут ужо дзяўчаты не ўцярпелі й накінулі на плечы Алеся Тура цёплае пакрывала. Было нас усіх шэсьцьдзесят два чалавекі ды двое немаўлят. Прыяжджалі людзі з Філядэльфіі ды іншых ваколіцаў. Выдатна, што гэткія імпрэзы аб’ядноўваюць нашых суродзічаў з розных беларускіх суполак Нью-Ёрку.

      Загукалі мы вясну, і ўжо як ні злуецца зіма, але хутка прыйдуць цёплыя веснавыя дзянькі.                                           

Валянціна ЯКІМОВІЧ
      Больш фатаздымкаў з Гуканьня вясны ў Брукліне можа паглядзець тут



Лютаўскі сход Згуртаваньня "Пагоня"


Ірыны Хадарэнка      У суботу, 11 лютага, у Доме Маракоў на Мангэтане ў Нью-Ёрку адбыўся чарговы лютаўскі сход Беларуска-Амэрыканскага Згуртаваньня Пагоня.

      Напачатку сходу старшыня аргаізацыі сп. Віталь Зайка распавёў для гасьцей пра мэты і прынцыпы Згуртаванья і пра яе бягучую дзейнасьць, якая ўлучае падтрымку беларускай прсутнасьці ў Амэрыцы, сяброўскія імрэзы і сьвяткаваньні, мітынгі ды іншыя акцыі ў падтрымку свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, а таксама інфармацыю ды іншую дапамогу ў справе зьмены статусу ў ЗША. Рэгулярныя сходы арганізацыі зьяўляюцца пляцоўкай для калегаваньня і сацыялізацыі сяброў і гасьцей Пагоні. Сп. В. Зайка таксама зьвярнуў увагу прысутных на публікацыі Пагоні ды іншыя беларускамоўныя выданьні, што друкуюцца ў ЗША, і ў прыватнасці, альманах “Беларус”.

      Затым у межах сходу “Пагоні” прайшала сьвяточная лірычна-музычная імпрэза-вечарына, падрыхтаваная сп-няй Ірынай Хадарэнка. Яна пачала імпрэзу з віктарыны, прысьвечанай Дню сьв. Валянціна, што ўключала пытаньні пра гісторыю і значаньне гэтага сьвята закаханых, сьвяткаваньне якога ў апошнія дзесяцігодзьдзі распаўсюдзілася па ўсім сьвеце і нават выклікала супраціў збоку праваслаўнай царквы ў Расеі, а таксама ісламскіх аўтарытэтаў у такіх краінах як Пакістан і Аўганістан. Прысутным цікава было даведацца, што Дзень сьвятога Валянціна сьвяткуецца ў Злучаных Штатах ажно з 1777 года, а лёс самога сьвятога, хоць быў досыць трагічны, але выклікаў шанаваньне, якое зь цягам стагодзьдзяў набыло новы сымбалічны зьмест. Сярод удзельнікаў віктарыны сваімі ведамі й дасьціпанасьцю (а таксама маланкава хуткім пошукам у Гугле) вызначыўся сп. Анатоль Цяценькін, які атрымаў найбольш прызоў.

Валеры Клімовіч      Затым адбыўся выступ сп-ні Ірыны Хадарэнкі ў яе ўвасабленьні як паэткі. Яна прачытала шэраг сваіх вершаў, а таксама свае пераклады з польскай паэзіі, у прыватнасьці, некалькі вершаў культавага цяпер паэта Рафала Вуячака. Яна таксама закранула тэму беларускага эратычнага фальклёру, і ягонае адлюстраваньне ў творчасьці Рыгора Барадуліна. Паэтка распавяла пра сваё знаёмства з паэтамі Рыгорам Барудулінам і Генадзем Бураўкінам, якія былі ў жыцьці сябрамі, і розныя забаўныя выпадкі, што адбыліся зь імі, прывяла шэраг цікавых гісторыяў з жыцьця іншых беларускіх пісьменнікаў – Уладзімера Караткевіча, Петруся Броўкі, Івана Шамякіна.

      Затым перад прысутнымі на імпрэзе-вечарыне выступіў музыка Валеры Клімовіч, які выканаў песьні на беларускай, ангельскай, расейскай і гішпанскай мовах. Ён распавёў пра сябе, пра сваё бачаньне Амэрыкі й пра свае мары. Сп. Валеры Клімовіч заваяваў сымпатыі гасьцей вечарыны, пранікнёна выканаўшы пад гітару знаёмыя аўдыторыі сьпевы і нават пад гучныя воплескі быў выкліканы “на біс”.

      Затым перад прысутнымі выступіла сп-ня Валянціна Якімовіч, якая запрасіла ўсіх далучыцца да ўдзелу ў традыцыйным беларускім абрадзе Гуканьня Вясны ў нядзелю 5 сакавіка. Яна распавяла таксама пра падрыхтоўку выданьня твораў выбітнага паэта, кіраўніка группы Ўзвышша Ўладзімера Дубоўкі і заклікала далучыцца да матэрыяльнай падтрымкі гэтага выданьня, распаўсюдзіўшы адпаведную інфармацыю пра формы падтрымкі. Заснавальніца і вядучая беларускага кінаклюбу ў Нью-Ёрку Наста Сергіеня анансавала чарговы кінапаказ клюбу, што прымеркаваны да Дня закаханых.

      Арганізатарка і кіраўніца праекту Дзед-Барадзед Ганна Шарко падзялілася творчымі плянамі свайго праекту на вясну, якія ўлучаюць правядзенне імпрэзы ў гонар сьвята 25 Сакавіка з удзелам вядомых музыкаў зь Беларусі.

      У разьдзеле Рознае прагучэлі аб'явы і паведамленьні, адбыліся знаёмствы з гасьцямі арганізацыі. Затым у неафіцыйнай частцы ўдзельнікі сходу й імпрэзы маглі працягнуць знаёмства пры віне і пачастунках. Цудоўная сяброўская атмасфэра, якая панавала на сустрэчы, паспрыяла таму, што нават новыя людзі, што зусім нядаўна прыляцелі ў Амэрыку, адкрыта і ахвотна распавядалі пра сябе, навязвалі міжасабовыя кантакты. На сходзе было шмат моладзі; разам колькасьць удзельнікаў, сярод якіх былі таксама некалькі выхадцаў з Украіны і Малдовы, перавышала 60 чалавек.

       

      Як напісала пасьля на Фэйсбуку арганізатарка імпрэзы-вечарыны сп-ня Ірына Хадарэнка: “Утульная канфэрэнц-заля ў Мангэтане ледзьве зьмясціла ўсіх жадаючых – вольных крэслаў хапіла далёка ня ўсім, аднак надзвычай цёплыя і прыязныя абставіны сустрэчы запомняцца ўдзельнікам мерапрыемства надоўга”.

Віталь ЗАЙКА



Студзеньскі сход Згуртаваньня “Пагоня”

  

      У суботу, 14-га студзеня, у Доме Маракоў на Мангэтане прайшоў чарговы студзеньскі сход Згуртаваньня “Пагоня”. Напачатку старшыня сп. Віталь Зайка паведаміў пра сыход з жыцьця выбітнага дзеяча беларускай грамады ў Амэрыцы, прыяцеля Згуртаваньня “Пагоня”, шматгадовага старшыні Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антона Шукелойця. Ягоная памяць была ўшанаваная хвілінай цішы. Затым сп. Зайка распавёў для тых, што першы раз прыйшлі на сход, пра мэты, прынцыпы, а таксама пра дзейнасьць Згуртаваньня “Пагоня”. Ён адзначыў, што “Пагоня” зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй і займаецца культурніцкай, палітычнай і дапамаговай дзейнасьцю, імкнецца аб’ядноўваць беларусаў, асабліва моладзь, што апынулася ў Злучаных Штатах.

Пасьля з гутаркай пра досьвед выбару спэцыяльнасьці й пошуку працы ў Амэрыцы выступілі прамоўцы, што пагадзіліся падзяліцца сваімі ведамі ў межах сэрыі сэмінараў, што сталі традыцыйнымі для сходаў “Пагоні”.

Анатоль Цяцеькін      Першым выступіў сп. Анатоль Цяценькін. Ён распавёў пра сябе, свой занятак да пераезду ў ЗША, што быў танцорам і шмат езьдзіў па сьвеце пакуль не атрымаў траўму. Цяпер ён займаецца продажамі празь сеціва і зьяўляецца трэйдарам – гандляром акцыямі. Сп. Цяценькін распавёў пра агульныя прынцыпы выбару прафэсіі й пошуку працы, якія ён сам для сябе засвоіў, і якія, на ягоную думку, могуць быць карысныя тым, хто пачынае сваё “працоўнае жыцьцё” ў ЗША. “Часта людзі, што прыяжджаюць, бяруцца за працу, якая трапляецца першай, потым яна засмоктвае, чалавек прызвычайваецца да яе. Трапіўшы ў такую “зону камфорту” – старайцеся выйсьці зь яе. Для гэтага трэба матывацыя, вера ў сябе і – веды.” Сп. Цяценькін распавёў, што ён мае дзьве інтэрнэт-крамы, на amazon і еbay. Гэта досыць прыбытковы бізнэс, у сеціве тысячы й мільёны пакупнікоў, і, уклаўшы, невялікую суму, можна ў досыць кароткі тэрмін вярнуць інвэставаньне ў 5-6 кроць. Выбар галіны продажаў залежыць ад вас, гэта можа быць касмэтыка, ювелірныя вырабы, музычныя інструмэнты ці што яшчэ, але, безумоўна, найлепш заняцца тым таварам, у якім вы разьбіраецеся. І хіба найпрыбытковым гандлем ёсьць гандаль акцыямі. Набіўшы руку і разабраўшыся ў шчыгулах гандлю, можна дасягнуць узроўню заробкаў 5-6 тысячаў у месяц, працуючы ўсяго 2-3 гадзіны на дзень. Для гэтага пажадана скончыць школу трэйдараў, але ў сеціве ёсьць шмат дапаможных фільмаў, якія дадуць ідэю, як падступіцца і з чаго пачаць. Сп. Анатоль Цяценькін адказаў на пытаньні прысутных і пагадзіўся прыватна адказаць на ўсе асабістыя звароты.

Раман Стэфановіч      Затым слова ўзяў сп. Раман Стэфановіч, ён скончыў юрфак БДУ ў Менску. У ЗША перш жыў у Маямі, займаўся кансалтынгам і цяпер зьяўляецца агентам па нерухомасьці, спэцыялізуецца на фліпінгу – пакупцы й продажы дамоў, якія адбіраюцца банкамі за даўгі, рэалізуюцца з аўкцыёнаў, рамантуюцца пакупнікамі з мэтаю далейшага продажу. Але акцэнтам свайго выступу сп. Стэфановіч зрабіў пытаньне прафэсійнай адаптацыі спэцыялістаў зь Беларусі ў прававой сфэры. Ён адзначыў адрозьненьні паміж ліцэнзаваным юрыстам і проста юрыстам, што мае прававыя веды, але ня мае ліцэнзіі. Такім чынам, пытаньне ва ўзроўні адукацыі. Bachelor гэта яшчэ не юрыст, а MasterofLaw хоць і юрыст, але ня мае права практыкаваць, бо мусіць яшчэ здаць экзамэн на адваката, thebarexam. Дзеля таго што беларускія юрыдычныя дыплёмы не настрыфікуюцца ў ЗША аўтаматычна, трэба ведаць пасьлядоўнасьць крокаў, як скарыстаць свой наяўны дыплём, і якія дадатковыя меры трэбы прыняць. У асноўным усё адбываецца праз набыцьцё ступені майстра права, якую можна здабыць за год. Кашт, прыкладна, 45 тыс., у залежнасьці ад навучальнай установы, але часта са свае кішэні давядзецца выкласьці значна меней, падаўшы на фінансавую дапамогу, скарыстаўшы стыпэндыі й пазыкі. Затым выступоўца падрабязна спыніўся на працэдуры паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ЗША і пасьлядоўнасьці barexam. Выступоўца адказаў на пытаньні прысутных і пагадзіўся прыватна пагутарыць з усім жадаючым.

      Сп. Віктар Едзіновіч распавёў пра свой досьвед пошуку спэцыяльнасьцяў і працы на гарадзкую адміністрацыю Нью-Ёрку. Ён адзначыў, што некаторыя добра аплочваныя спэцыяльнасьці не патрабуюць шмат падрыхтоўкі і ёсьць прывабныя ў пляне заробку і пэнсыйнага забясьпечаньня. Трэба выбіраць спэцыяльнасьці больш знаёмыя канкрэтнай асобе, потым перагледзець расклад іспытаў па пажаданых спэцыяльнасьцях. Іспыты і падрыхтоўка да іх звычайна нескладаныя, існуюць курсы і розныя дапаможнікі. У сеціве, а таксама ў прафсаюзнай газэце “TheChef”, можна знайсьці расклад іспытаў на бягучы год. Пасьля праходжаньня іспыту чалавек ставіцца ў чаргу ў залежнасьці ад выніку і чакае выклік на працу. Часам гэта можа быць некалікі тыдняў ці месяцаў, часам – некалькі год, у залежнасьці ад спэцыяльнасьці й выніку іспыту. Сп. Едзіновіч распавёў пра свой досьвед сацыяльнага работніка і асаблівасьці працы з асобамі, якім патрабуецца сацыяльная дапамога па разнастайных праграмах. Сп. Едзіновіч адказаў на пытаньні прысутных.

      Затым у разьдзеле “Рознае” прагучэлі аб’явы й паведамленьні, адбыліся знаёмствы з гасьцямі сходу, пасьля чаго ў неафіцыйнай атмасфэры прысутныя мелі нагоду калегавацца зь землякамі пры сьціплых пачастунках.

Віталь ЗАЙКА