Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Bielarus     Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty      
БЕЛАРУС 546 за ліпень 2008 году 
 
 
Хіратонія новага япіскапа
 
   Адбылася даўгачаканая на эміграцыі падзея – хіратонія новага япіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Ім стаў япіскап Сьвятаслаў.
   Пасьля сьмерці Першагерарха БАПЦ Мітрапаліта Ізяслава (26 лістапада 2007 году), БАПЦ асірацела, і яе апекуном быў архіяпіскап Уманьскі і Дэтройтаўскі ЎАПЦ Аляксандар.
   11 травеня 2008 году герархамі Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў ЗША архіяпіскапам Аляксандрам і япіскапам Тэхаскім і Г’юстанскім Макарыосам, з удзелам япіскапа Барыспальскага Пасія (УПЦ Кіеўскі Патрыярхат) хіратанізавалі япіскапа Сьвятаслава на япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амэрыканскага БАПЦ за Боскаю літургіей у катэдральным саборы сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью-Ёрку.
   На гэты-ж дзень прыпадала парафіяльнае сьвята сабору. Архіяпіскап Аляксандар у сваім віншаваньні япіскапу Сьвятаславу даў добрыя парады, выказаў пажаданьні, дзе ён нагадаў: “Дзень 11 траўня 2008 году ёсьць не падвоенае сьвята, а патроенае, ад гэтага дня – пачатак новага адраджэньня БАПЦ”.
   На ўрачыстасьці прысутнічалі шматлікія госьці зь Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі, Кліўленду і Канады. Акрамя царкоўных актывістаў там прысутнічалі і нашыя палітычныя дзеячы: Івонка Сурвілла, Зянон Пазьняк, Вячка Станкевіч.
   Царкоўнаю радаю БАПЦ япіскап Сьвятаслаў абраны Адміністратарам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
   Япіскап Сьвятаслаў (у міру Вячаслаў Логін) нарадзіўся 26 лістапада 1964 году ў Чарнігаве (Украіна) у сям’і інжынэраў Вячаслава і Людмілы (Сіз). (Род паходзіць з Наваградчыны, дзед Андрэй Логін і ягоны брат Язэп, расстраляныя ў 1930-я г.г., былі беларускімі фальклярыстамі (гл. Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі, т.3, б.291); дзед па лініі маці Даніла Сіз у 1930-я гады скончыў Гомельскі чыгуначны тэхнікум.)
   У 1986 г. скончыў Кіеўскі палітэхнічны інстытут, працаваў інжынэрам.
   У 1994-1999 г.г. навучаўся ў Кіеўскай духоўнай сэмінарыі, пасьля сканчэньня якой, у 1999-2000 г.г., навучаўся на Тэалягічным факультэце Манітобскага ўнівэрсытэту (Праваслаўны Калегіум сьв. ап. Андрэя ў Вініпэгу, Канада).
   27 жніўня 2000 г. рукапакладзены ў сан дыякана, а 17 сьнежня 2000 г. у сьвятара ў царкве сьв. К. Тураўскага БАПЦ ў г. Таронта (Канада) і прызначаны на гэтую-ж парафію.
   У 2002-2007 г.г. служыў настаяцелем парафіі Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у г. Гайленд-Парку (штат Нью-Джэрзі, ЗША).
   У 2005-2006 г.г. быў выконваючым абавязкі настаяцеля катэдры сьв. К. Тураўскага БАПЦ у г. Нью-Ёрк (ЗША).
   З 2007 г. – настаяцель парафіі сьв. К. Тураўскага ў Таронта.
   У кастрычніку 2006 г. царкоўнаю радаю БАПЦ аднагалосна абраны кандыдатам у япіскапы.
   У лютым 2008 г. прымае манашы пострыг зь імём Сьвятаслаў у манастыры сьв. Чатырох Эвангелістаў (УАПЦ у ЗША) у г. Г’юстан (штат Тэхас, ЗША).
   24 лютага 2008 г. у катэдры сьв. ап. Андрэя Першазванага ў г. Дэтройт (штат Мічыган, ЗША) архіяпіскапам Аляксандрам (УАПЦ у ЗША) узьведзены ў сан ігумена і архімандрыта.