БЕЛАРУС № 545 за чэрвень 2008 году
Мары і клопаты Марачкіных
Аляксей і Ігар Марачкіны, бацька і сын, — менскія мастакі, якіх ведаюць і ў Беларусі, і ў Амэрыцы. Яны займаліся росьпісам праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Кліўлендзе, работы Аляксея ўпрыгожваюць Беларускі Музэй у Нью-Ёорку і музей нонканфармізму “Zimmerli art”. У майстэрні творцаў адбыліся перамены — самы час даведацца, якія перамены адбываюцца ў іх жыцці.
За вокнамі шуміць Няміга, амаль ужо летняе сонца асвечвае прасторную двухпавярховую кватэру ў доме на ўзьбярэжжы Свіслачы. Драўляная лесьвічка зь ніжняга паверху, дзе вісяць знакамітыя работы мастакоў, і дзе яны працуюць, вядзе на верхні, на якім невялікі склад карцін і ўсялякіх прыстасаваньняў для працы. Тут стаяць керамічныя вырабы — сапраўдная выстава збанкоў, а таксама вісіць сапраўдны маляваны дыван Язэпа Драздовіча, першага беларускага мастака ў жанры “фэнтэзі”, які тварыў у 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Звонку элітны дом, а ўнутры — нібы беларуская хатка, і жыхары яе — беларусы самыя сапраўдныя, якія пранесьлі праз усё жыцьцё жаданьне абараняць сваё. І ў той-жа час яны, прадстаўнікі старэйшага і сярэдняга пакаленьня жывапісцаў, могуць сьмела называцца наватарамі, бо ідуць у нагу з сучасным подыхам нефігуратыўнага мастацтва. Нават Злат, сын Ігара і ўнук Аляксея, ужо ў двухгадовым узросьце маляваў колеравыя экспэрымэнты ў духу Д жэксана Полака. Што ўжо тады казаць пра саміх майстроў!
На карцінах Ігара, напалову абстрактных, напалову рэалістычных, бачныя прыёмы, якія ў свой час паказаў сьвету расейскі мастак Ларыёнаў. Яго “лучизм” — гэта перасячэньне на палатне каляровых промняў і энэргетычных адбіткаў ад рэчаў, сутыкненьне адценьняў і неверагодная плястычнасьць. Дзіўна, што Ігар знайшоў сябе ў гэтым з ягонай традыцыйнай адукацыяй (спэцыяльнасьць “Прамысловая графіка” былога Тэатральна-мастацкага інстытуту) і арыентацыяй на выключна беларускія матывы. “Сыну трэба пісаць у гэтым стылі больш, разьвівацца далей, — гаворыць Аляксей, — але ён шырокага профілю, можа і народныя сьвяты, і пейзажы традыцыйныя напісаць, дызайнам шмат займаецца”. А Ігар сам кажа, што яму вельмі падабаецца ствараць работы ў духу такога “прамянізму” (гэты тэрмін яшчэ на беларускую не пераклалі, таму прыходзіцца ўжываць такое вызначэньне), толькі не стае часу засяроджвацца на гэтым спэцыяльна. Яшчэ ён стварае дываны на сьцены, выкарыстоўваючы про стыя тканіны, і хаос ламаных лініяў і сымбаляў, што выяўленыя на іх, упрыгожыць любы самы модны інтэр’ер. “Мае працы не залежваюцца, іх пастаянна раскупляюць, і як ні шкада, прыходзіцца зь імі раставацца. Вось у Брытаніі ёсць карціна “Санкі далёкага дзяцінства”, а ў менскім цэнтральным офісе “Белаграпрамбанку”, у кабінэце перамоваў, вісіць мая карціна “Сьвята куста”. Мне застаецца толькі фатаграфаваць іх і захоўваць у лічбавым выглядзе. Толькі ніяк іх не сыстэматызую, не ўпарадкую, прыходзіцца дапамагаць сябрам-мастакам, дызайнэрскай работай займацца, здымаць, а да сябе не дайду. Нават сайт не магу свой зрабіць”.
Цікава, што кампутэрнаму дызайну Ігар Марачкін навучыўся сам, усе сучасныя праграмы асвоіў бяз курсаў, хоць даўно ўжо ня школьнік. “У час вучобы, — кажа ён, — мы яшчэ ня ведалі, што такое кампутар. Нам казалі, што ў Маскве стаіць такая вялікая машына вышынёй у два паверхі, мы крычалі “ўра!” і ня ведалі, што нам давядзецца пасьля карыстацца маленькай флэшкай”. Цяпер творца з тэхнікай “на ты”, і гэта вельмі дапамагае яму ў штодзённым жыцьці. Ён працаваў над дызайнам розных альбомаў, справаздачаў пасьля штогадовых плянэраў, на якія выяжджае ў складзе суполкі мастакоў і паэтаў “Пагоня”, заснаванай ў 1991 годзе Аляксеем Марачкіным. А бацька — вядомы ілюстратар кніг на беларускай мове, у “Руска-беларускім слоўніку” і падручніку па беларускай літаратуры ягоныя работы бачылі амаль ўсе землякі, хаця і не зьвярталі на гэта ўвагі, напэўна. Яшчэ ён і вершы піша. Такія вось на ўсе рукі майстры.
Маляваць Ігар пачаў вельмі рана. Ён паказвае свае рарытэтныя малюнкі, якія ніхто ня бачыў. Яшчэ ў садок хадзіў, а ўжо алеем па паперы крэмзаў, ствараў нацюрморты. І тушшу на фотапаперы спрабаваў маляваць. “Вырас я ў Жодзіна, горадзе Белазаў, — кажа ён. — Гэтыя машыны заўсёды ўражвалі мяне сваёй недасягальнасцю, я спрабаваў і іх паказваць на паперы”. Мастак дастае партрэт бацькі 1981 году, вось сапраўды ў сям’і творцаў можна абыйсьціся без фатакамэры, настолькі дакладна сын перадае рысы твару і характару бацькі. Яшчэ ёсць унікальны аркуш — малюнак, на якім зафіксаваная копія, якой ужо няма, скульптуры Маці Божай Язэпа Драздовіча.
Менавіта яны, бацька і сын, адкрылі імя гэтага незвычайнага мастака, езьдзілі ў шматлікія этнаграфічныя экспэдыцыі, каб дасьледаваць ягоную мнагагранную творчасьць. Пасьля выдалі вялікі каляровы альбом, якому няма цаны. Яны трымаюць яго ў руках, як каштоўнасьць, як дзіця, як мару, якая збылася і якую хочацца захаваць. Аляксей расказвае, што ў адной зь беларускіх вёсак, па якой ён падарожнічаў у пошуках маляваных дываноў, заўважыў, як адна бабуля нясе ў такім дыване сена жывёле, быццам гэта нейкая ануча. Ён прапанаваў новую посцілку ў абмен на гэты стары дыван. Бабуля доўга не хацела браць прыгожую крамную тканіну, маўляў, лепш яна ў старой паносіць, яе не шкада вымазваць, а пасьля згадзілася. І вось у Марачкіных вялікая калекцыя такіх адваяваных твораў. Аляксей таксама піша карціны, стылізаваныя пад гэтыя дываны. У цэнтры разьвіваецца нейкі сюжэт, і як раман, ён афармляецца прыгожым квяцістым узорам. Часта можна ўбачыць джунглі, зьвяро ў у духу прымітывізму Анры Русо, напрыклад, “Два ільвы”, і можна зрабіць выснову, што гэты спосаб выяўленьня ўсечалавечы, ён зразумелы на ўзроўні архетыпаў. А творчасьць Драздовіча, менавіта гэтыя маляваныя дываны, вельмі паўплывалі на работы Марачкіных ды і на прафэсійнае беларускае мастацтва ў цэлым.
Яны могуць амаль усё, іх адносіны да новага, пераменаў, руху наперад вельмі філязофскія. Аляксей успамінае выраз Пікаса: “Калі-б у мяне блакітны пэрыяд зацягнуўся на дваццаць гадоў, я-б ужо даўно памёр”. Ён кажа, што неабходна зьмяняцца, бо перастаноўка рэчаў настройвае на новы лад. А калі прывыкаеш да абстаноўкі і адной і той-жа справы, узьнікае затарможанасьць. Нават у майстэрні нядаўні рамонт зрабілі з сынам, бо “неабходны парадак у памяшканьні і ў галаве”. Таксама Аляксея цікавяць новыя імёны ў айчынным мастацтве, ён мае мэту папулярызаваць незаслужана забытых мастакоў. Так, ён расказаў беларусам пра творцу, які працуе ў Санта-Моніцы, Міколу Пашкевіча. Калісьці зьвязаўся зь ім, запрасіў да сябе, угаварыў стварыць альбом, пасьля напісаў вялікі артыкул ў спэцыялізаванае выданьне “Літаратура і мастацтва”. І зараз ён шукае творы тых, каго можа ў жывых ужо няма, ці нябачаных раней майстроў, а бывае і тых, каго не прызнае дзяржава.
Сам мастак і ягоны сын імкнуцца фіксаваць беларускую рэчаіснасьць, прапускаць яе празь сябе творча, яны ўпэўненыя, што сёньня ў краіне — час вялікіх перамен, і задачай мастакоў і журналістаў зьяўляецца адлюстраваньне падзей такімі, якія яны ёсьць. “Наш камэртон — сумленьне і праўдзівасьць!” — завяршае размову бацька, літаратурны псэўданім якога Алесь Мара. Пагаварыўшы з гэтымі дабрадушнымі, таленавітымі і працавітымі людзьмі, якія зрабілі вельмі шмат для беларускай культуры, хочацца самой тварыць гэтак-жа плённа, быць такой-жа моцнай і з гумарам адносіцца да складаных сытуацый.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ