БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году
Некралёгі
Сьв. пам. Сымон ЖАМОЙДА
(11.0І.1915 - 03.0І.2008)
Адыйшоў ад нас Сымон Жамойда 3-га студзеня 2008 году. Мне асабліва цяжка было атрымаць гэтую вестку з даволі доўгім спазьненьнем. Наш рэгент з царквы сьв. Кірылы Тураўскага ў Рычмонд Гіл, Нью-Ёрк, які так плённа працаваў да адыходу ад справаў у 1999 годзе, гэтак і зьнік з далягляду неўзаметку. Але я мушу вярнуць яму належнае месца, бо сп. Жамойда прывык да парадку за 30 год у царкве ў Рычмонд Гіл.
Знайшлі мы яго ў 1969 годзе, калі нам толькі нядаўна ўдалося арганізаваць прыход і пачаць пабудову новае царквы. Яшчэ не было будынку, але новы рэгент ужо пачаў сваю 30-гадовую службу. За ягоным рэгенцтвам зьмянілася шэсьць настаяцеляў у нашай царкве.
Сымон Жамойда быў выдатным працаўніком. Ён ніколі не прапусьціў ніводнай службы, за выняткам толькі калі быў нейкі час у шпіталі. Ён дбаў, каб прыход выжыў і разьвіваўся. За час сьпяваньня ў хоры сп. Жамойды нашыя харысты пераканаліся, што іхны кіраўнік вельмі добры чалавекі і вельмі добры рэгент. Дзякуючы гэтым якасьцям кіраўніка, царкоўны хор добра задавальняў царкоўныя патрэбы.
З другога боку сп. Жамойда быў кваліфікаваным духоўным чалавекам – меў духоўную асьвету, добра арыентаваўся ў царкоўных законах, літаратуры, абрадах і трэбах. І дзеля гэтага быў цэннай адзінкай у царкоўным жыцьці прыходу наагул. Ахарактэрызаваць працу Сымона Жамойды можна наступнымі словамі: адданасьць Богу, Царкве і Бацькаўшчыне, ахвярнасьць, дбаньне аб беларускасьці ў царкве, разьвіцьцё прыходу.
Пахаваны сьв. пам. Сымон Жамойда быў на могілках Іст-Рыджлаўн у горадзе Пасаік, Нью-Джэрзі. Хай яму будзе царства нябеснае і вечная памяць.
А я з Алаю перасылаем жонцы сьв. пам. Сымона Тацяне, дочкам Алісе, Яўгеньні і іхным сем’ям, дачцэ Еве і ўнучцы Элеаноры нашыя шчырыя спачуваньні.
Васіль ШЧЭЦЬКА
З С. Жамойдам пазнаёміліся мы даўно!!! ...1945 год. Нямеччына капітулявала, усё разьбітае. Уся энэргія накіраваная толькі на тое, каб здабыць ежы на дзень. Мы з бацькам размаўляем – што рабіць. Падыходзіць чалавек: “Вы гаворыце па-беларуску, і я беларус.” Мы былі вельмі радыя знаёмству. Адбылося яно ў горадзе Гарміш у Баварыі. Сп. Жамойда паказаў нам барак, дзе можна было пераспаць, пякарню, дзе можна было купіць хлеба і г. д. Так пачалося нашае знаёмства-сяброўства, якое працягвалася панад 60 гадоў.
У Гармішы сп. Жамойда з Яўхімам Кіпелем друкавалі “Беларускую Волю”, улёткі. Але найбольш сп. Жамойду цікавіла царкоўнае жыцьцё. Ён арганізоўваў праваслаўныя службы ў г. Гаміш. Вельмі варожа ён паставіўся да былых беларускіх япіскапаў, якія далучыліся да Расейскай Зарубежнай Царквы.
Праўда, ён быў актыўным і ў грамадзкім руху. У гарадзе Пасаік разам з сп. У. Дудкам і Марыяй Кіпель арганізавалі суботнюю школу. Разам з Андрэем Мінчуком С. Жамойда быў дзейным у арганізацыі вэтэранаў. Быў у дырэкцыі Бэлер-Менску. Супрацоўнічаў у Нямеччыне із Згуртаваньнем “Шыпшына” – друкаваўся.
Найбольшым гобі Сымона Жамойды была мова экспэранта, у якой ён вёў багатую карэспандэнцыю.
Перасылаю жонцы Тацяне, дочкам Алісе і Яўгені зь сем’ямі, а таксама дачцэ Еве і ўнучцы Элеаноры шчырыя спачуваньні.
Вітаўт КІПЕЛЬ
-------------------
З сумам паведамляем, што на 94-м годзе жыцьця адыйшоў у лепшы сьвет Мацей СМАРШЧОК , таленавіты заходнебеларускі паэт (Анатоль БЯРОЗКА) міжваеннай пары,
выбітны амэрыканскі лекар і шчыры беларус.
Выказваем шчырыя спачуваньні родным.