Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Bielarus     Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty      

БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году

  Нашая фанатэка

 

 

OSIMIRA: аднаўляем атмасфэру старажытнай Крывіі

 

   Эканамічная сытуацыя ў Беларусі, а галоўнае – нежаданьне беларускай дзяржавы і яе інстытуцыяў зьвяртаць увагу на патрэбы нацыянальнай культуры, прымушае маладых выканаўцаў шукаць іншыя шляхі па прасоўваньні музычнага прадукту слухачам. У асноўным, музыкі імкнуцца на Захад, дзе ёсьць больш шанцаў атрымаць вядомасьць і наладзіць плёньнейшыя творчыя кантакты. Галоўная перашкода для беларусаў на заходнім шляху – нядаўна ўведзеныя шэнгенскія візы, а таксама тое, што эўрапэйцы цяпер збольшага зацікаўленыя ў прасоўваньні сваіх зорак, чым спрыяньню гуртам з такіх краінаў як Беларусь…
   А таму многія выканаўцы зараз спрабуюць перагледзець свае прыярытэты і надаюць пільнейшую ўвагу ўсходняму напрамку, у прыватнасьці Расеі. Бо і ў гэтай краіне ёсьць дастаткова магчымасьцяў, каб набыць папулярнасьць, выдаваць альбомы, удзельнічаць у фэстывальным руху і даваць канцэрты. Галоўнае тут – знайсьці такія структуры, якія былі-б пазбаўленыя замшэлых імпэрскіх комплексаў і догмаў, займець падтрымку сярод тых колаў, якія сапраўды жадаюць больш даведацца пра беларускую культуру, музыку і мову, хто бачыць у музыках не расейскамоўных “западнорусов”, а калегаў і творчых асобаў. Няма нічога дрэннага і ў тым, што гэтыя колы бачаць у беларускіх выканаўцах і іх творчасьці яшчэ і камэрцыйную выгаду. Бо бізнэсовыя адносіны – гэта магчымасьць для выканаўцаў паправіць сваё матэрыяльнае становішча, чаго на радзіме нашыя музыкі пакуль зрабіць не могуць. Да таго-ж, будзе вельмі карысным і тое, што беларуская музыка і мова будуць шырэй прадстаўленыя на расейскім музычным рынку. Ня будзем забывацца, што ў Расеі жыве больш за 800 тысяч нашых суайчыньнікаў. Для многіх зь іх такія канцэрты, альбомы – адзіны шлях пазнаёміцца з сучаснымі напрамкамі нацыянальнай культуры, усьвядоміць сябе нашчадкамі культуры, якая мае тысячагадовую гісторыю, адчуць смак роднае мовы…
   Сярод такіх музычных калектываў, якія ўдала працуюць на расейскім музычным рынку і не здраджваюць беларушчыне хочацца назваць магілёўскі гурт OSIMIRA. Дзякуючы свайму прад’юсару Алегу Ціханаву музыканты здабылі вядомасьць ня толькі ў Беларусі, але і ў суседняй краіне, выдаюць дыскі, прадстаўляюць беларускі фольк-мадэрн у Расеі. Прапагандзе сапраўднай беларускай музыкі і творчасьці гурта OSIMIRA вельмі дапамагае расейская выдавецкая кампанія “Sketis music”, якая спэцыялізуецца на выданьні кружэлак пост-фольку і сучасных апрацоўках фальклёрнай музыкі розных краінаў.
   І вось “Sketis music” прадставіла новы альбом гурта OSIMIRA “DRUVA”. Нагадаю, што для гурта гэта быў ня першы рэліз, выдадзены ў Расеі. Першым дыскам гэтай каманды ў Расеі стала перавыданьне дэбютнага альбому, які меў назву “Прошча” і спачатку пабачыў сьвет у Беларусі. Перавыданьне гэтага дыска зьдзейсьнена ў палепшаным афармленьні. Дарэчы, у каталёзе “Sketis music” значацца дыскі такіх вядомых беларускіх фольк-мадэрн-гуртоў, як “Троіца” і “Бан Жвірба”. І пляны па наладжваньню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гэтай музычнай галіне пашыраюцца…
   Новы дыск “DRUVA”, перш чым зьявіцца ў расейскіх музычных крамах, быў прадстаўлены беларускім слухачам ў Менску на фэсьце Crivia Aeterna (Крывія Назаўсёды), які другі раз прайшоў ў мінулым годзе. Пасьля гэтай прэм’еры праграму “DRUVA” было вырашана выдаць асобным дыскам.
   Для гурта OSIMIRA новы альбом – гэта, у нейкай ступені, і зьмяненьне творчай ідэалёгіі, і разьвіцьцё музычнай канцэпцыі. Калі ўдзельнікі гурта часоў зьяўленьня “Прошчы” ўяўлялі сваю творчасьць, як “музыку народных сьвятаў, кірмашоў ды гуляньняў, мэлёдыі прыроды нашай зямлі, дзе кожнае месца гучыць па-свойму”, то акцэнты “DRUVA” ўжо іншыя. Тут, на думку удзельнікаў гурта, гучыць музыка, якая “аднаўляе атмасфэру старажытнай Крывіі, бо менавіта так гучыць другое, сакральнае імя Беларусі.” І, як прызнаецца ў адным са сваіх інтэрвію кіраўнік OSIMIRA Андрусь Палаўчэня, каб ствараць такую музыку, “адной генэтычнай памяці недастаткова, трэба ведаць традыцыю, і не па кнігам, а жыць зь ёй, што зараз, нажаль, ужо амаль немагчыма...”
   Да дасягненьня мэтаў, акрэсьленых новым альбомам, музыкі OSIMIRA імкнуцца праз глыбіннае асэнсаваньне старажытнага музычнага матэрыялу. У ягоных аранжыроўках пераважаюць мінімалістычныя музычныя фарбы, паліфанічныя “галасныя” сьпевы і заглыбленьне ў ледзь заўважныя падтэксты аўтэнтычных твораў. І гэта вельмі розьніцца ад падыходаў, характэрных для альбому “Прошча”, на якім перавага аддавалася рытміцы і аранжыроўкам з арсэналу фольк-року, аўтарскім фантазіям на тэмы фальклёру. Цяпер у альбоме “DRUVA” асноўная ўвага нададзена глыбіні й інтанаваньню песень. Дасягаецца гэта вельмі разнастайнымі вакальнымі распрацоўкамі фальклёрных тэмаў. Таму відавочна склад удзельнікаў гурта быў узмоцнены новымі сьпявачкамі: Вольга Брацянкова і Вольга Пыткова значна пашырылі тэмбравы спэктар і вакальныя магчымасьці гурта. І гэта заўважаецца ў такіх цудоўных кампазыцыях альбому “DRUVA”, як “Купалка”, “Ой ты селязён”, “Ой, стаіць явар, тонкі высакі”.
   Але мужчынскі вакал ня зьнік з гукавой палітры “DRUVA”: шаманскія сьпевы лідэра гурта Андруся Палаўчэні і дудара Кастуся Канцавога прымусяць успомніць ранейшыя канцэртныя містэрыі OSIMIRA, якія выконваліся імі ў складзе OSIMIRA і колам сяброўскага праекту PRAGNAVIT. Лепшыя ў гэтым сэньсе творы альбому – “Ваяры” і “Дзяды”. Аб’ядноўвае іх выкарыстаньне рэдкага для сёньняшніх фольк-выканаўцаў музычнага артэфакту – сурмы. Гэты старажытны і магутны па гучаньню інструмэнт у выглядзе драўлянага рога надае кампазыцыям той гукавы прастор і прыродную спракавечнасьць, якія і павінны мець песьні з такім старажытным падтэкстам.
   Што тычыцца інструмэнтовак іншых кампазыцыяў, то яны амаль усе зробленыя досыць далікатна і, нават, вынаходліва. Вось напрыклад, спэцыфіка кампазыцыі “Жыцень” падрэсьлена знаёмымі сялянам гукамі кляпаньня кос-літовак (зь ёй па-майстэрску шчыруе Андрусь Палаўчэня). Музыка надае калярыт кампазыцыі спачатку спарадычным, а пасьля і паліфанічным рытмам, які ўзьнікае на палёх падчас касьбы…У кампазыцыях “Пчолка”, “Лёля”, “Расоха” ўвагу слухачоў прыцягваюць мяккія тэмбры і гнуткія мэлядычныя лініі, што выконваюццца на разнастаных духавых народных інструмэнтах – дудках, чароце і акарынах.
   Затое, іншыя традыцыйныя беларускія інструмэнты – дуду, варган, колавую ліру – музыканты OSIMIRA выкарыстоўваюць для стварэньня складаных музычных палотнаў чароўна-варажбіцкай і сакральнай тэматыкі. Каб упэўніцца ў гэтым, раім праслухаць кампазыцыі “Ноч кола” і “Покліч дрэса”, якія зьмешчаныя на гэтым альбоме ў якасьці бонус-трэкаў. Першая з названых п’есаў здатная выклікаць сапраўды псіхадэлічныя вобразы начных жахаў, другая-ж – прымушае задумацца пра лёс той спадчыны, якая засталася нашчадкам з часоў старажытнай Крывіі. Да гэтага заклікае і назва альбому “DRUVA”, якае паходзіць ад старажытнага прускага слова druvis – дрэва…
   Нажаль, той факт, што музыкі гурта OSIMIRA ўвесь час знаходзяцца ў творчых пошуках і зьменах, некаторымі крытыкамі і слухачамі ў Беларусі трактуецца як стылістычная невытрыманасьць, а акустычны мінімалізм – як залішняя “халоднасьць” такой музыкі. Зацікаўленыя-ж слухачы заўважаць, што альбом “DRUVA”, які прапануюць слухачам Андрусь Палаўчэня са сваімі сябрамі, напоўнены новым зьместам, не падобным на ранейшыя экспэрымэнты магілёўскіх музыкаў. Цяпер музыка OSIMIRA заглыбляецца ў старажытныя музычныя пласты, да якіх іншыя беларускі фольк-музыкі яшчэ не дакраналіся. І тое, што яны гэта робяць не павярхоўна, а з пачуцьём піетэту да першакрыніц, засьведчыла прызнаньне гурта OSIMIRA лепшым на мінулагодняй “Рок-каранацыі”, дзе гурт і іх альбом “DRUVA” ўпершыню быў адзначаны рок-каронай ў намінацыі “Традыцыя і сучаснасьць”.
   Да таго-ж, так быў уганараваны і ўнёсак музыкаў у прапаганду сучаснага беларускага фольк-мадэрну і пост-фольку сярод суайчыньнікаў у Расеі, уклад ва ўмацаваньне беларускага пачатку ў межах усёй рэгіянальнай магілёўскай рок-плыні. А гэта дорага каштуе, асабліва ў цяперашніх беларускіх умовах!

Анатоль МЯЛЬГУЙ,
музычны аналітык
http://mialguj.livejournal.com
Фота аўтара.