Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Bielarus     Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty      

 БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году 
 

Весткі й Паведамленьні № 7 (510)
нью-ёркаўскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня
Viestki j Paviedamlenni
Belarusan American Association, Inc.
166-34 Gothic Drive, Jamaica, N.Y. 11432
Сусьветнае сеціва: www.baza-belarus.org

 

 

Ад Галоўнай Управы БАЗА

 

   Апошнім часам шмат увагі было адведзена падрыхтоўцы 28-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая адбудзецца сёлета на Labor Day ў Грамадзкім Цэнтры “Полацак” каля Кліўленду. Гаспадаром Сустрэчы будзе кліўлендзкі аддзел БАЗА, а многія сябры Галоўнай Управы БАЗА, разам з Галоўнай Управай ЗБК і ўсімі аддзеламі займаюцца каардынацыйнай дзейнасьцю.
   Ужо спэцыяльна запрошаныя госьці зь Беларусі, ды аб намеры прыехаць паведамілі людзі з розных штатаў ЗША і нават з Эўропы. У праграме плянуецца народны кірмаш, канфэрэнцыя, банкет, забавы, выставы мастацкіх твораў ды вялікі канцэрт з удзелам артыстаў і групаў з розных асяродкаў і таксама зь Беларусі. Рыхтуецца транспарт з большых асяродкаў, як і начлег у бліжэйшых матэлях.
   Старшыня Галоўнай Управы БАЗА Вячка Станкевіч выступіў з дакладам на канфэрэнцыі ў Варшаве пад назваю “Зьмена пакаленьняў або беларускія адрознасьці ў мэтах, каштоўнасьцях і стратэгіі”. У канфэрэнцыі брала удзел каля 40 беларускіх і замежных навукоўцаў ды шмат маладых актывістаў.
   Разгорнутая дзейнасьць вакол чарговага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Галоўная Ўправа бярэ ўдзел у нарадах Балтыйска-Чарнаморскага Альянсу і разам з гуртком БАЗА з Вашынгтону брала ўдзел у ганараваньні кангрэсмэна К. Сьміта, нашага асноўнага прыяцеля ў Кангрэсе. Імпрэза была ладжаная праз Цэнтральна-Ўсходнеэўрапейскую Кааліцыю (СЕЕС), дзе БАЗА прадстаўляе сяброўка Галоўнай Управы Алеся Кіпель.

Чэрвеньскі сход нью-ёрскага аддзелу БАЗА

 

   У нядзелю, 8 чэрвеня, у Фундацыі імя Крэчэўскага адбыўся чарговы сход Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА. З гутаркай пра гісторыі беларускай эміграцыі ў Амэрыцы, пра Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ) і ягоную дасьледчую і выдавецкую дзейнасьць перад прысутнымі выступіў гісторык і літаратуразнаўца, сябар БІНіМу, архівіст Рады БНР сп. Лявон Юрэвіч.
   Напачатку прамоўца сказаў некалькі словаў пра сябе, сваю дзейнасьць і свае зацікаўленьні. Сп. Юрэвіч скончыў унівэрсытэт, вучыўся ў асьпірантуры, займаўся досьледам у галіне літаратуразнаўства. Ад 1993-га году жыве ў ЗША, працуе ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы. Рэдагуе кнігі беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў, якія выходзяць у сэрыі БІНіМ. Сп. Л. Юрэвіч зьяўляецца аўтарам шэрагу досьледаў па беларускай літаратуры і гісторыі, аўтарам артыкула пра бібліятэкі Беларусі ў “Энцыкляпэдыі бібліятэказнаўства й інфармацыі”, рыхтуе артыкул пра беларусаў у Нью-Ёрку для 2-га выданьня “Энцыкляпэдыі горада Нью-Ёрку” (аўтарам падобнага артыкула ў першым выданьні быў В. Кіпель).
   Затым сп. Юрэвіч адзначыў, што беларусы, якія апынуліся на чужыне пасьля Другой сусьветнай вайны, акрамя палітычных арганізацыяў узяліся за стварэньне культурніцкіх, навуковых структураў, прыкладам чаго ёсьць Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ). Гэты Інстытут быў створаны ў 1951 годзе для яднаньня беларускіх інтэлектуальных сілаў, для досьледаў у галіне беларусаведы ды інфармаваньня амэрыканскай і заходняй грамадзкасьці пра Беларусь, беларускую грамаду ў Амэрыцы і краінах вольнага сьвету.
   За першыя некалькі год у БІНіМе было зарэгістравана каля 60 сяброў, а на чале БІНіМу ў 1950-х стаялі Ўладыка Васіль (Уладзімер Тамашчык, япіскап БАПЦ), літаратар Янка Ліманоўскі, дасьледчык гісторыі Вітаўт Тумаш, літаратуразнаўца Антон Адамовіч. Неўзабаве сяброўства ў БІНіМе засягнула паўтары сотняў чалавек, умовамі сяброўства было толькі зацікаўленьне беларускай культурай і вышэйшая асьвета, пісьменьнікі й мастакі прымаліся ў сябры па выніках творчасьці. Існуе арганізацыя і дасюль выключна на складкі і на ахвяраваньні беларускай грамадзкасьці.
   Функцыі БІНіМу былі падзеленыя на вонкавыя і нутраныя. Сярод военкавых функцыяў было рэпрэзэнтаваньне беларускай культуры, беларускай грамады ў Амэрыцы і шырэй у сьвеце, пры кожнай прыдатнай нагодзе. Навязваліся кантакты і супрацоўніцтва з разнастайнымі культурніцкімі й асьветнымі ўстановамі: унівэрсытэтамі, каледжамі, музэямі, бібліятэкамі. Усталёўваліся сувязі з славістамі, гісторыкамі, бібліятэкарамі, усімі, хто цікавіўся Беларусьсю.
   Сярод нутраных функцыяў БІНіМу былі арганізаваньне рэгулярных сходаў, дзе абмяркоўваліся культурніцкія навіны зь Беларусі, новыя выданьні па розных галінах беларусаведы. Было наладжана супрацоўніцтва зь беларускімі суполкамі, якім БІНіМ дапамагаў інфармацыяй, чытаньнем лекцыяў і дакладаў. Нутраная дзейнасьць улучала плянавыя сходы, ліставаньне, справаздачы, падрыхтоўку й рэдагаваньне матэрыялаў чарговага часапісу.
   Сёньня рэальная колькасьць актыўных сябраў Інстытуту зьменшылася, аднак праца працягваецца. Выходзіць часапіс “Запісы БІНіМ”, актыўна вядзецца кнігавыдавецкая дзейнасьць. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі да працы Інстытуту далучыліся навукоўцы з Бацькаўшчыны, частка выданьняў БІНіМу друкавалася ў Беларусі. БІНіМ выдаў дзясяткі манаграфіяў беларускіх дасьледчыкаў на эміграцыі: Міколы Куліковіча, Вітаўта Тумаша, Сымона Кабыша (Кандыбовіча), Антона Адамовіча, Ільва Акіншэвіча, Уладзімера Сядуры. Ад 1970-х гг. выходзяць кнігі ў сэрыі “Беларускія пісьменьнікі й паэты на эміграцыі”. БІНіМ бярэ ўдзел у выданьні кніг з сэрыяў “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, “Бібліятэка Беларускага Гістарычнага Агляду”. З дапамогай БІНіМу выйшлі, напрыклад, такія кнігі як “Беларускае студэнцтва на чужыне” Барыса Рагулі, “Ангельска-беларускі слоўнік” Валянтыны Пашкевіч ды шмат іншых.
   Сп. Юрэвіч перадаў Фундацыі Крэчэўскага і БАЗА карціну, якую атрымаў ад сьв.пам. Барыса Рагулі. Гэта партрэт Васіля Рагулі, выбітнага грамадзкага і палітычнага дзеяча, які ў міжваенны час быў беларускім сэнатарам у польскім сэйме, а па вайне жыў у ЗША.
 З інфармацыяй пра канфэрэнцыю ў Варшаве, прысьвечаную зьмене пакаленьняў і зьяўленьню новых палітычных лідэраў выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА Вячка Станкевіч. Ён адзначыў, што на канфэрэнцыі Беларусь была прадстаўленая выдатнымі інтэлектуальнымі сіламі, у яе працы бралі ўдзел Валер Булгакаў (“АРХЭ”), Аляксандра Дынько (“Кнігарня НН”), Алена Макоўская (“Бацькаўшчына”), Павал Севярынец (Партыя БХД), Віталь Сіліцкі (Беларускі Інстытут Стратэгічных Досьледаў, Вільня), Ірына Віданава (“Студэнцкая Думка”), пісьменьнік Уладзімер Арлоў, сацыёляг Андрэй Вардамацкі. Бралі ўдзел прадстаўнікі Радыё “Свабода”, Эўрапейскага Радыё для Беларусі, Радыё “Палёнія”, Радыё “Рацыя”, тэлеканалу БЕЛСАТ. Адбыўся абмен думкамі адносна новага лідэрства, у якім таксама прынялі ўдзел такія навукоўцы як Дэвід Марпалс, Лу Конвэй, дасьледчыкі зь Нямеччыны, Польшчы. У канфэрэнцыі браў удзел апостальскі візытатар для беларусаў замежжа а. Аляксандар Надсан. Да канфэрэнцыі быў адмыслова прымеркаваны Тыдзень беларускай культуры. Сп. В. Станкевіч прадстаўляў на канфэрэнцыі БАЗА і Раду БНР.
   Сп-ня Валя Якімовіч, арганізатарка правядзеньня Купальля ў Нью Ёрку, распавяла пра Купальле, якое адбудзецца 21-22 чэрвеня. Яна патлумачыла сымболіку абраду, адзначыўшы, што гэта сьвята сонца, росквіту прыроды і жыцьцёвых сілаў. Сп-ня Якімовіч распавяла таксама пра парадак правядзеньня сьвята, і заклікала ўсіх прысутных, асабліва моладзь, далучацца да сьвяткаваньня, да захаваньня нацыянальных традыцыяў тут, на амэрыканскай зямлі.
   Затым у разьдзеле “Рознае” адбылося знаёмства з гасьцямі аддзелу, прагучалі аб’явы і паведамленьні. 

Віталь ЗАЙКА 

 

-----------------------------------------------

Наступны сход нью-ёрскага аддзелу БАЗА

адбудзецца 13 ліпеня 2008 году
УВАГА! Месца правядзеньня сходу зьменена!
Сход прайдзе ў Цэнтральным Парку на Мангэтане каля канцэртнай эстрады Наўмбэрг (Naumberg Bandshell),

у Алеях (The Mall) пры 72-й вуліцы (уваход з боку 5-й Авэню).
Пачатак сходу — прыкладна а 2:00 папаўдні, пасьля завяршэньня Маршу Паняволеных Народаў і

афіцыйнага адкрыцьця Тыдня Паняволеных Народаў

-----------------------------------------------

 

Уплаты ў нью-ёрскі аддзел БАЗА

 Н. Магамедаў     30
 
----------------------------------

 

Уплаты ў Нью Ёрскі аддзел БАЗА дасылайце на адрас:
Belarusan American Association
P. O. Box 230249
Brooklyn, NY 11223

Чэкі выпісвайце на Belarusan American Association.

-----------------------------------------------

 

Наведайце інтэрнэт-старонку Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы www.zbma.net 

Апэратыўная інфармацыя аб падзеях у беларускай дыяспары.

-----------------------------------------------------