Сьведчым за сваю апрычонасьць
14-е стагодзьдзе прынесла на землі летапіснае Русі ня толькі шырокую плынь праскіх грашоў, але і ўзнаўленьне собскае манэтнае вытворчасьці. У другой палове стагодзьдзя зьяўляюцца першыя манэты ВКЛ. Гэты пэрыяд мынцарства дзяржавы яшчэ недастаткова дасьледаваны, некаторыя тыпы манэтаў вядомыя навуцы меней за дзесяцігодзьдзе, а ў бліжэйшай будучыні імаверна адкрыцьцё новых тыпаў, якія могуць дапоўніць і нават зьмяніць існую клясыфікацыю.
Куды-ж сягаюць пачаткі мынцарства Вялікага Княства? Эмісіі собскіх манэтаў на тэрыторыi Кiеўскага княства ёсьць, падобна, найстаражытнейшымі з усiх земляў, якiя ўваходзiлi ў склад ВКЛ. Пасьля далучэньня Кiеўскага княства да ВКЛ на кiеўскi пасад сеў адзiн з старэйшых сыноў Альгерда – Уладзiмер, якi распачаў бiцьцё сваiх собскіх манэтаў, магчыма, ужо ў 1360-я. Дакладна акрэсьліць дату пачатку грашовых эмісіяў Уладзiмера пакуль не выпадае. Гэта цалкам арыгiнальныя манэты, на адным баку якiх быў зьмешчаны асабiсты кляйнод князя, а на другiм – ягонае iмя, напiсанае кiрылiцай па коле. Выраблялiся яны па тэхналёгіі, запазычанай з Залатое Арды – з срэбнага дроту. Срэбра выцягвалася ў доўгі дрот, які пасьля разразаўся нажніцамі і раздушваўся вытнем молата. Атрыманы кавалак і быў манэтнай загатоўкай. Гэта тэхналёгія была зручнай і менш працаёмкай, выдатна пасуючы вытворчасьці дробных пенязяў. Манэты Кіеўшчыны эмітаваліся да пачатку 1390-х гадоў. Вядомыя і мясцовыя выпускі манэтаў з Падольля.
У 1362 годзе да ВКЛ Альгердам былі далучаныя і Северскiя землi, дзе свае ўдзелы атрымалi ягоныя сыны Дзьмiтры i Касьцянцін, пазней Дзьмiтры-Карыбут, а таксама нашчадкi старэйшага брата Альгерда князi Нарымонтавiчы. Бальшыня гэтых князёў білі свае ўдзельныя манэты, якiя разам з кiеўскiмi манэтамi Ўладзiмера Альгердавiча склалi аснову ўласных грашовых сыстэмаў, што iснавалі на ўсходніх тэрыторыях ВКЛ у другой палове 14-га стагодзьдзя.
Першыя вялікакняскія манэты пачалi эмітавацца ў канцы 1370-х гадоў, магчыма, яшчэ Альгердам. Што-ж паслужыла штуршком для эмісіяў собскае манэты ў Вільні? Верагодна, яны пачаліся не раней за прызнаньне ВКЛ хрысьціянскай дзяржавай, бо манэты нясуць на сабе сымболіку хрысьціянства – крыж. Гэта здарылася 2 сьнежня 1375 году. У гэты дзень канстанцiнопальскі патрыярх Фiлафей пасвяціў у мiтрапалiта “кiеўскага, рускага i лiтоўскага” Кiпрыяна, што прычынілася да атрыманьня Вялікім Княствам статусу праваслаўнае дзяржавы. Узровень рынкавых адносiнаў на той час таксама вымагаў ад уладара ўвядзеньня собскае дробнае манэты поруч з сродкамі буйнога гандлю – срэбнымi пруткамі i прывазнымi праскiмi грошамi.
Бiцьцё манэтаў прыпыняецца па захопе ўлады Кейстутам. Па аднаўленьні сваёй улады праз год, Ягайла працягнуў бiцьцё манеты, якая захавала свой ранейшы выгляд, але страцiла ў якасьцi дзеля неўстойлівасьці “новароджанае” цэнтралізаванае грашовае сыстэмы ВКЛ і жаданьня эмітэнта даставаць болей прыбытку з свае манэтнае рэгаліі.
Новы этап у вялікалітоўскім мынцарстве зьвязаны з Скіргайлам. З часу ягонага намесьніцтва да атрыманьня фактычнае ўлады ў гаспадарстве праз Вітаўта (у 1392 годзе), шматлікія пенязі выбіваліся паралельна з рознымі матывамі, напару на розных мастацкіх узроўнях. Цягам 1390-1392 гадоў адбылася рэзкая дэвальвацыя манэтаў ВКЛ. У тыя гады вялося актыўнае ходаньне паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу ў краіне, што і спрычынілася часткова да хуткага псуцьця манэты. Асабліва ў часе вайны адчуваўся дэфіцыт срэбра, выкліканы таксама бракам собскіх радовішчаў. Да 1390-га году пенязі мелі даволi стабiльную вагу i высокую пробу, а затым хутка замясьціліся ў абарачэньні менш якаснымі. Ягайла і далей, ужо на польскім каралеўскім пасадзе, ня надта прытрымліваўся прынцыпу выбіцьця якаснае манеты. Як сьведчаць польскія летапісныя жаролы, кароль у “справах манэтарных кіраваўся вылучна прыбыткам”.
Першыя манэты Вялікага Княства былі самастойным намiналам, які меў пераменны курс ад 1/2 да 1/10 да праскага гроша на працягу 15 гадоў з канца 1370-х да 1392-1393. Толькi ў выніку рэформы Вiтаўта пенязь быў трывала прывязаны да праскага гроша ў наватарскай для сярэднявечча дзесяцічнай прапорцыі (10:1).
Вывучэньне сярэднявечных манэтаў Вялікага Княства праходзіць лавінападобна на працягу апошніх 10 гадоў. Вынаходніцтва дасканалейшых металапашукавых прыладаў, павышаны інтарэс і колькасьць новых дасьледнікаў-нумізматаў, што стала павялічваецца, робіць старыя публікацыі на гэтую тэму неактуальнымі. Балазе, новых публікацыяў, якія месьцяць напару сэнсацыйныя адкрыцьці, не бракуе. Што-ж, тым цікавей сачыць за імі і лавіць сябе на думцы – як-жа шмат мы яшчэ ня ведаем пра гэты вірлівы пэрыяд нашае гісторыі!
Дзьмітры ГУЛЕЦКІ
(dhulecki@belcoins.com)