Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Bielarus     Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty      
БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году  
 
Навіны "Беларусь за месяц"
 
Тарашкевіцу забароняць
   Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў другім чытаньні Закон “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Закон пачне дзейнічаць ад 1 верасьня 2010 году. Цяпер усе арганізацыі — дзяржаўныя і прыватныя, грамадзяне краіны і асобы без грамадзянства, замежныя грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, сродкі масавай інфармацыі пры выкарыстаньні пісьмовай беларускай мовы павінны будуць кіравацца гэтымі правіламі.
   Такім чынам фактычна ставіцца пад забарону ўжываньне тарашкевічнага правапісу, якім карыстаецца шэраг выданьняў і выдавецтваў. Выкарыстаньне тарашкевіцы, магчыма, будзе карацца адміністрацыйнымі захадамі (штрафамі).
Тарашкевіца, праўда, складае меншую частку ў незалежных сродках масавай інфармацыі, што выходзяць на беларускай мове.
 
Мілінкевіч супраць будаўніцтва АЭС
   “Я катэгарычна супраць будаўніцтва АЭС, – кажа палітык. – Будаўніцтва АЭС паводле расейскага праекту толькі ўзмоцніць нашу энэргетычную залежнасьць ад Расеі. Сумарны кошт гэтага праекту будзе складаць ня менш 12 млрд. даляраў ЗША. У Беларусі гэтых грошай няма. Давядзецца павялічваць замежны доўг, які трэба будзе аддаваць з адсоткамі. Акрамя таго, будаўніцтва АЭС па расейскай тэхналёгіі стварае экалягічную пагрозу Беларусі. Расейскія рэактары менш надзейныя, чым францускія ці амэрыканскія. АЭС будаваць эканамічна немэтазгодна”.
 
Чысткі ў БНФ
   На сойме партыі БНФ, які прайшоў 14 чэрвеня ў Менску, зь яе шэрагаў быў выключаны намесьнік старшыні партыі Алесь Міхалевіч. Разгляд пытаньня аб выключэньні ініцыявала камісія ўнутрыпартыйнага кантролю (Юры Хадыка і Пётра Садоўскі). Афіцыйнай прычынай стала інтэрвію інтэрнэт-газэце “Салідарнасць”, якое А. Міхалевіч даў у траўні. У публікацыі ён скрытыкаваў дзейнасьць кіраўніцтва ПБНФ. За выключэньне Міхалевіча прагаласавалі 24 чалавекі з 47.
Партыя БНФ, якая некалі была лідэрам сярод іншых дэмакратычных рухаў, зноў стаіць на парозе новага расколу. Зь Міхалевічам можа сысьці найменш траціна чальцоў партыі: у асноўным моладзь. 32-х гадовы палітык у сьнежні 2007-га году балятаваўся на пасаду старшыні партыі, але не дабраў пару галасоў. Ужо выказалі нязгоду з пастановай сойму Гарадзенская, Берасьцейская, Магілёўская і Гомельская суполкі. Яны просяць перагледзець рашэньне сойму. Меркаваньні чальцоў менскай суполкі падзяліліся пароўну. Ня выключана, што Міхалевіч будзе ўсё-ж адноўлены ў БНФ.
 
Яшчэ адна пагроза
   Апошнім часам актывізаваліся беларускія нацыянал-бальшавікі (нацболы) – радыкальная левая суполка з элемэнтамі фашызму. Калі раней яны расьпісвалі шавіністычнымі лёзунгамі сьцены, то цяпер вырашылі заняцца палітыкай. Нацболы зьбіраюцца ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах, якія пройдуць увосень. Паколькі нацыянал-бальшавіцкая партыя ў краіне незарэгістраваная, то нацболы ствараюць Новы бальшавіцкі фронт.
 
Азаронка звольнілі з БТ
   13 чэрвеня Юры Азаронак указам Лукашэнкі быў зволены з пасады намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі зь вялікім скандалам.
   Згодна з указам, “за ўчынак, несумяшчальны са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе”. Кажуць, што гаворка вядзецца пра непрыстойныя паводзіны падчас конкурсу “Эўрабачаньне” ў Бялградзе. Азаронак быў адным з кіраўнікоў беларускай дэлегацыі.
Азаронак вядомы як адыёзны тэлевізійны прапагандыст і славянафіл. Ён стварыў некалькі фільмаў, у якіх апазыцыя і беларускі нацыянальны рух паказваліся ў вельмі непрыстойным выглядзе. Так, напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году па БТ быў паказаны азаронкаў фільм “Нянавісьць: дзеці хлусьні”, дзе кадры з шэсьцяў апазыцыі перарываліся кінахронікай часоў нямецкай акупацыі: кадрамі з жыцьця беларускай паліцыі і расправы з габрэямі і партызанамі.
 
Саньнікаў у БНФ?
Па чутках, адзін з каардынатараў “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў хоча ўзначаліць Партыю БНФ і стане ейным вылучэнцам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Саньнікаў, прынамсі, узяў блянк на ўступленьне ў Партыю БНФ. Сам грамадзкі дзеяч ад камэнтароў устрымліваецца. Магчыма, сытуацыя праясьніцца ў жніўні, пасьля чарговага зьезду Партыі.
   Андрэй Саньнікаў у 1982—1985 гг. працаваў у сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку, потым у Міністэрстве замежных справаў, дарадцам місіі Беларусі ў Жэневе. У 1995 годзе прызначаны намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі. Сышоў з МЗС у лістападзе 1996 году пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму.
 
$450 у месяц на сям’ю
   Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, у першым квартале 2008 году сярэднестатыстычная беларуская сям’я выдаткоўвала на спажывецкія расходы 960 тысячаў 400 рублёў у месяц (г. зн. $450 у эквіваленце). Прычым у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году выдаткі вырасьлі на 30%.
   З гэтае сумы 41,1% выдатковаўліся на ежу, 33,3% — на нехарчовыя тавары, на аплату паслуг – 23,3%.
 
Сярэдні заробак беларуса – 257 эўра
   Налічаны (г. зв. “бруднымі”) сярэдні штомесячны заробак, паводле зьвестак за травень, у Беларусі склаў 847 тысяч 8 рублёў (257 эўра ці 397 даляраў). У красавіку гэты паказчык быў роўны 836 тыс. 980 рублям
 
Колькі багатых беларусаў
   Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, удзельная вага насельніцтва з сярэднедушавым даходам да 150 тыс. руб. (да $70) у Беларусі складае 2,1%; ад 150,1 да 300 тыс. рублёў ($70—140) — 22,8%; ад 300,1 да 500 тыс. ($140—234) — 40,3%; ад 500,1 да 700 тыс. ($234—327) — 19,9%; звыш за 700 тыс. ($327) — 14,9%.
 
Менск – найгоршы горад
   Сталіца Беларусі займае найніжэйшае сярод эўрапейскіх гарадоў месца паводле якасьці жыцьця. Гэта вынікі дасьледваньня, праведзенага брытанскай кампаніяй Мэрсэр у больш чым 200 гарадох сьвету.
   Крытэрыямі ацэнкі зьяўляліся палітычныя, эканамічныя, сацыяльна-культурныя ўмовы, правы чалавека, санітарныя ўмовы, наяўнасьць больніц, школьніцтва і адукацыі (наяўнасьць міжнародных школ), інфраструктура, разнастайнасьць прадуктаў харчаваньня ды інш
   На першым месцы ўжо другі год запар знаходзіцца швайцарскі Цюрых, затым ідуць сталіца Аўстрыі Вена, потым зноў швайцарскі горад – Жэнева.
   Менск займае найгоршае месца сярод гарадоў Эўропы – 183-е. Вільня, напрыклад, на 78-м, Варшава – на 85-м.
 
Дэбілізм па-гомельску
   23-гадовы п’яны дзяцюк з Гомля пасьля канфлікту зь пешаходамі, наўмысна наехаў на сваім аўтамабілі “Таёта” на 30-гадовага мужчыну, які нёс на плячох трохгадовага сына. Здарэньне адбылося 27 траўня.
   Пацярпелыя зь цяжкімі і менш цяжкімі траўмамі дастаўленыя ў шпіталь. П’янога кіроўцу, між іншым, яшчэ летась пазбавілі пасьведчаньня кіроўцы на 3 гады. Распачата крымінальная справа. За наўмыснае нанясеньне цяжкага цялеснага пашкоджаньня прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад пяці да дзесяці гадоў.
   Магчыма, загаловак памылковы. Такі выпадак мог адбыцца ў любым горадзе Беларусі: хоць у Менску, хоць у Ашмянах.
 
Посьпех баскетбалістак
   Беларуская жаночая баскетбольная зборная заваявала пуцёўку на Летнія алімпійскія гульні, якія пройдуць у Пэкіне ў жніўні сёлета. Алімпійскія кваліфікацыйныя спаборніцтвы праходзіла ў Мадрыдзе. Падапечныя Анатоля Буяльскага ў групавым турніры прайгралі зборнай Кубы, выйгралі ў Тайваня, а ў накаўт-раўндзе адолелі зборную Бразыліі, якая мае чацьвёрты рэйтынг у сьвеце. Мацнейшыя толькі зборныя ЗША, Расеі і Аўстраліі
   Пуцёўка на Алімпійскія гульні – вялікі посьпех беларускага спорту. Яшчэ ніводнага разу беларуская камандная зборная ў сваёй гісторыі ня брала ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях.
   Зборная Беларусь трапіла ў групу “А” разам са зборнымі Аўстраліі (чэмпіён свету-2006), Бразыліі, Карэі, Латвіі і Расеі (віцэ-чэмпіён сьвету). У групе “В” выступяць Кітай, Чэхія, Малі, Новая Зэляндыя, Гішпанія і ЗША. Беларускі гуляюць 9, 11, 13, 15, 17 жніўня.
Уласны карэспандэнт