Рэальная дапамога суайчыньнікаў
Беларусы Вялікай Брытаніі абвясьцілі стыпендыю для Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі будзе выплачваць штогадовую стыпендыю аднаму са студэнтаў бакалаўрскай праграмы “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія” Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
Першы стыпендыянт будзе вядомы празь месяц, паводле паведамленьня ЭГУ.
Крытэрыямі вылучэньня на стыпендыю будуць посьпехі ў вучобе, навуковая дзейнасьць і студэнцкая грамадзкая актыўнасьць. Стыпендыя складае 100 эўра ў месяц.
Паводле Радыё Свабода
“Мастацтва супраць дыктатуры”
11 чэрвеня сёлета ў парлямэнце Эстоніі адкрылася выстава беларускіх мастакоў “Мастацтва супраць дыктатуры”. Аўтары выставы – гэта ня толькі такія знакамітыя беларускія мастакі, як Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, але і маладыя мастакі, якія таксама думаюць інакш, чым навязвае ім існуючы беларускі рэжым.
У Эстоніі выстаўленыя працы беларускіх мастакоў Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Усе яны зьяўляюцца ўдзельнікамі творчай суполкі “Пагоня”, вядомай сваімі штогоднімі сакавіцкімі выставамі, адданасьцю ідэям дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня Беларусі.
Выстава задуманая для прэзентацыі эстонцам альтэрнатыўнай Беларусі, краіны з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі і эўрапейскай культурай, з творчай элітой, якая ня хоча пагадзіцца з ладам, які зараз там пануе, той Беларусі, якая заўсёды была часткаю эўрапейскай культурнай прасторы.
Выставу адкрыла віцэ-сьпікер эстонскага парлямэнту спадарыня Крысьціна Оюланд. Яна выказала ўдзячнасьць і падтрымку беларускім дзеячам мастацтва за тое, што яны робяць для захаваньня нацыянальнай культуры Беларусі.
У адкрыцьці ўзялі ўдзел мастак Алесь Шатэрнік і палітык Зянон Пазьняк. На адкрыцьцё прыйшлі эстонскія парлямэнтары, грамадзкія дзеячы і журналісты.
Выстава арганізаваная эстонскай грамадзкай арганізацыяй “Valgevene uus tee” ў партнёрстве са згуртаваньнем “Трэці Шлях” і Беларускім Муззем у Нью-Ёрку пры падтрымцы эстонскага парлямэнту і фонду “Адкрытая Эстонія”.