Газэта "БЕЛАРУС"

Апошні нумар Замовы й паслугі
Bielarus     Halounaja     Krama     Naviny     Kantakty      
БЕЛАРУС 546 за ліпень 2008 году 
 
Мітынг ў Нью-Ёрку
 
   Ня гледзячы на моцны дождж, 15 чэрвеня 2008 году Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы разам зь Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем правялі мітынг у падтрымку змаганьня беларускай моладзі за незалежную і дэмакратычную Беларусь і ў падтрымку свабоды веравызнаньня ў Беларусі. Мітынг прайшоў на Мангэтане ля штаб-кватэры ААН.
   Напачатку да прысутных зьвярнуўся былы шматгадовы старшыня БАЗА 93-гадовы Антон Шукелойць. Ён сказаў, што, ня гледзячы на свае гады, ён заўсёды будзе стаяць поруч з моладзьдзю ў змаганьні за Беларусь!
   Архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Незалежнай Царквы Юры падтрымаў усіх беларускіх хрысьціянаў, сказаўшы ў тым ліку і тое, што бязбожная ўлада, якае пілуе крыжы, вырачаная на зьнікненьне бяз сьледу.
   Закончыў мітынг старшыня Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы Мікалай Цімашэнка, выказаўшы падтрымку беларускім хрысьціянам. Ён распавеў пра практычныя крокі для прыцягненьня ўвагі амэрыканскіх уладаў да сітуацыі з правамі хрысьціянаў у Беларусі, пра кампанію па збору подпісаў пад зваротам у Кангрэс ЗША з заклікам разглядзець сытуацыю з правамі хрысьціянаў у Беларусі на слуханьнях у Кангрэсе ЗША.
   Мітынгоўцы выказалі салідарнасьць актывісту Маладога Фронта Івану Шыле і ўсім маладым людзям, якія перасьледуюцца за сваё змаганьне за Беларусь.
Паводле zbma.net
 
Купальле ў Нью-Ёрку
 
   Трэба прыехаць у ЗША, каб палюбіць сала і патрапіць на КУПАЛЬЛЕ. Жывеш сабе пад белымі крыламі з самага дзяцінства і нават і не здагадваешся, што сала з хлебам смачней за “сьнікерс”, а Купальле цікавей за Дзень сьвятога Валянціна.
   Мне, студэнцы БДУ, гэтым летам пашанцавала патрапіць у Амэрыку! Па-сапраўднаму па-нашаму па-беларуску гасьцінна прытуліла мяне ў сябе Валя Якімовіч. А праз 2 тыдні запрасіла на Купальле – сьвята лета, каханьня, маладосьці.
   Па прагнозу ў купальскую ноч мусіла быць навальніца. Але каляндарнае сьвята пераносіць ня можна. І вось, прыхапіўшы строі, паболей ежы і пітва для сябе і “для таго хлопца”, 21 чэрвеня паабедзе на аўта сябры БАЗА Зьмітра Кругліка мы накіраваліся ў бок Крос-Рывэр, у запаведнік Ўард Паўнд Рыдж (акруга Ўэстчэстэр). Чым бліжэй да запаведніку, тым зелянейшым, прыгажэйшым рабілася навакольле, тым больш ап’яняючага чысьцінёй паветра.
   У самай дэмакратычнай краіне сьвету, ня так як у Беларусі: не распаліш вогнішча, дзе хочаш і калі хочаш; не пагарлапаніш, як хочаш і што хочаш. Таму дазвол на правядзеньне сьвята Пётра і Алена Рыжыя ўзялі загадзя, яшчэ ў студзені, зарэндаваўшы адразу некалькі пагоркаў. Для сям’і Пётра і Алены Купальле – вельмі важнае сьвята, таму што 9 год таму менавіта яно паспрыяла зараджэньню іхняга каханьня, утварэньню счасьлівай сям’і і нараджэньню дзьвух цудоўных сыночкаў – Яначкі ды Алесіка. Таму на працягу ўсіх астатніх год яны прымаюць самы актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні Купальля. За што ім ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ!
Разгалістыя дубы, паросшыя кустоўем пагоркі, цішыня, спакой адразу агарнулі нас надзвычайнай гармоніяй. Здаецца, прырода падобная на беларускую, але і дубы ня тыя, і птушкі ня гэтак сьпяваюць, і кветак у лесе няма...
   Мы прыехалі першымі! Сьледам прыкаціла сям’я Рыжых на вялікім школьным аўтобусе, які яны набылі адмыслова для правядзеньня Купальляў. Дзіўна, колькі ў гэты басік усяго зьмясьцілася: вялікі куфэрак з калекцыяй старадаўніх і новых строяў, зробленых рукамі Валянціны Якімовіч, аграмадная скрыня з харчамі, усялякія інстумэнты, крэслы, і нават дзьве вялікія драўляныя лавы, якія Пётра зрабіў сам, не гаворачы ўжо пра самаго гаспадара, ягоную жонку, двух сынулькаў, апранутых у вышыванкі, і сабачку Машку.
   Строі з куфра Валя і Алена разьвешвалі на бервяне перад каменнаю хаткаю, якая прытулілася на ўскраю пагорка. І ўсе, хто прыязджаў на Купальле, мог выбраць сабе строй. Раней прыедзеш – лепшы здабудзеш, хаця кожны зь іх быў па-свойму прыгожы.
Пакуль адныя ўладкоўваліся, іншыя пасярод будучага вогнішча ўсталявалі вялікі слуп, вяршыню якога вянчала кола, упрыгожанае пераплеценымі галінкамі дуба й бярозы, замацаванымі белымі і чырвонымі стужкамі, як знак стыхіяў агню і вады. Зьвіваньне вянка на коле – знак шлюбаваньня, вертыкальны слуп – сувязь зямнога і нябеснага, кола – сымбал Маці-зямлі, вады і жанчыны, крыж на коле – знак Бацькі-неба, агню і мужчынскага пачатку, як растлумачыла нам Валя.
   Калі ўсе былі ўжо апранутыя, сонца закацілася за небасхіл, сьцямнела, хлопцы абралі з свайго гурта Князя-Купаліша – Максіма Эльяшкевіча, а дзяўчаты Купалінкаю – чарнявую прыгажуню Валерыю. Гурт дзяўчат тройчы зь песьняю “Шла Купалка па вуліцы” абыйшоў вакол раскладзенага вогнішча, падвялі Купалінку-Валерыю да Купаліша-Максіма. Распарадчыца, або карыфей сьвята, Валянціна Якімовіч перадала Купалішу Купалінку і княскі вянок. Князь падпаліў паходню, перадаў яе Купалінцы, тая падпаліла ёю вогнішча Купальля. Усе сталі ў кола, пабраліся за рукі, зычным голасам Валя зацягнула: “А ў нас сёньня Купалачка...”, усе прысутныя рэфрэнам засьпявалі сьледам за ёй, ідучы па сонцу вакол вагня. Затым гучалі песьні ў гонар сонца, Купалінкі, Купалы, зор, месяца. Як пачаліся гульні, Князь-Купаліш зазяваўся, і малыя скралі Купалінку, схавалі ў цёмным лесе. Князь зь сябрамі кінуўся шукаць яе. А купальшчыкі працягвалі свае гульні зь песьнямі. І тут Максім-Купаліш на руках прынес сваю Купалінку-Валерыю ў сярэдзіну карагоду. Тая павіншавала ўсіх з Купальлем. Сьвята працягвалася. Хтось пайшоў з каханаю шукаць папараць-кветку, хтось працягваў сьпевы.
   Кружыў карагод, пад спеў-заклён спалілі ляльку ведзьмы, рэфрэн песьні “То-то-то” суправаджалі прытупамі, падскокамі, каб напалохаць сілы цемры, як сведчаньне перамогі дабра над ліхам, сьвятла над цемраю.
   Пасьля пачалося ачышчэньне агнём - скокі праз вогнішча. Калі агонь быў яшчэ даволі высокі, першым, як заўсёды, пераскочыў празь яго сябар Валянціны баўгарын Станіслаў Станкоў, які ўжо чацьверты год запар прымае ўдзел у сьвяткаваньні беларускага Купальля, пры тым ня ведаючы мовы, але валодаючы выключным музычным слыхам, усім сэрцам моцным прыгожым голасам сьпяваў па-беларуску. Потым пачалі скакаць усе астатнія парамі, тройкамі, паасобку пад жартаўлівыя сьпевы “Я цяцерку пасу на зялёным лугу”.
   Самыя сьмелыя дабраліся да чыстае вады вадасховішча й пад поўняю, што паціху йшла ўжо на скон, пасылаючы своё таямнічае сьвятло скрозь галіны дрэваў, кінуліся ў ваду, каб ачысьціць сябе вадою ад бруду, хваробаў, усяго ліхога, як і належыць на Купальле.
   Тым часам Пётра Рыжы пад наглядам Валі Якімовіч зварыў крупнік на 27 травах і мёдзе з гарэлкаю, духмяны пах якога прывабіў усіх. З кубачкамі ўсе пацягнуліся да цудадзейнага лекавага напою, які некаторых настроіў на філязофскі лад, а сяго-таго на рамантычны. Расьселіся вакол ужо дагараючага вагню, які старанна падтрымлівалі ўвесь час. Тут Сяржук Сокалаў-Воюш узяў у рукі гітару і засьпяваў цэлы шэраг сваіх новых і старых рамантычна-патрыятычных песень. Песьні зьмяняліся размовамі, жартамі, сьмехам.
   Праз шэры туман з-за лесу паціху выкатваўся чырвоны вогнены шар сонца. Прачнуліся птушкі, лес напоўніўся новымі сьпевамі. У попеле дагарэўшага вогнішча пяклася бульба. Агульнае сяброўскае застольле завяршыла абрад.
   Дарэчы, надвор’е спрыяла нам. Стаяла прыемная прахалода. Абяцаны дождж распачаўся толькі апаўдні. Але і тады ад’яжджаць не хацелася. Застаецца толькі пашкадаваць тых, хто знайшоў сабе прычыну, каб не паехаць на Купальле.
Наста КАРТУЛЬ
Фатаздымкі Віктара ДУДАРАВА
 
Падзеі ў Вашынгтоне
 
   Вельмі смачна частавалі і шчыра налівалі 19-га чэрвеня сёлета ў Вашынгтоне насупраць Капітолія. У будынку Рэйбэрн адбылася ўрачыстая сустрэча, арганізаваная Цэнтральна- Ўсходнеэўрапейскай Кааліцыяй (Central and East European Coalition).
Былі запрошаныя такія цікавыя і ўплывовыя асобы як: былы амбасадар ЗША ў Грузіі й Казахстане Біл Кортні (Bill Courtney), амбасадар Кэйт Сьміт (Keith Smith) з Цэнтру Стратэгійных і Міжнародных Даследваньняў, Курт Волкер (Kurt Volker) зь Бюро па Эўрапейскіх і Эўраазіяцкіх Справах.
   Урачыстасьць падзеі надалі ўзнагароджаньні сэнатара Крыстафэра Дода (Christopher Dodd), а таксама кангрэсмэна Крыса Сьміта (Chris Smith) за падтрымку й узмацненьне зносін паміж ЗША й краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Каб атрымаць поўнейшае ўражаньне аб прысутных, трэба таксама дадаць прадстаўнікоў БАЗА зь Нью Джэрзі, Нью-Ёрку, Паўночнай Вірджыніі й самога Вашынгтону; прадстаўнікоў Аб’яднанага Балтыйска-Амэрыканскага Нацыянальнага Камітэту й вялікую колькасьць іншых гасцёй.
   Размаўлялі на розныя тэмы, але ў асноўным пра стан правоў чалавека й разьвіцьцё дэмакратыі ў адзначаных вышэй краінах. На прыкладзе Казахстану было паказана, што замежныя кампаніі ахвотней працуюць у краінах, якія імкнуцца да дэмакратыі. Тут Казахстан супрацьстаўлялі Расеі. Абмяркоўвалася панаваньне апошняй на прасторы былога “Саюзу”. Паводле дакладчыкаў становішча мусіць зрушыцца ў лепшы бок.
   Нажаль, ёсць і выключэньне. Вельмі сумна, але гэта выключэнне, як вы ўжо здагадаліся – Беларусь. Пытаньню нашай краіны на сустрэчы надавалася шмат увагі. Узгадалі і прыняты трэці год запар Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі.
   Па выніках сустрэчы было зразумела, што ў беларусаў ёсць шмат спачуючых сяброў ня толькі ва ўрадзе ЗША, але і ў міжнародных арганізацыях. І тыя, і другія вельмі зацікаўленыя ў паляпшэньні стану правоў чалавека і развіцьці дэмакратыі ў Беларусі.
Павал ЛЮДВІГ