БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году
Зваротнай дарогі няма
Ірына ВАРАБЕЙ
Нарэшце гэта адбылося. Урэшце яно здарылася. Падзея, аб неабходнасьці якой ведалі сьвядомыя беларускія вернікі, цяжкасьці асягненьня якой усведамлялі тыя, хто быў да яе спрычынены, – зьдзейсьнілася. У царкоўную гісторыю ўпісваецца яшчэ адна адметная дата: 11 траўня 2008 году – адраджэньне Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Я – чалавек звычайны, шэраговая парафіянка, хто моліцца і хоча маліцца і далей ў сваёй – беларускай – царкве. Я веру ў Бога, але не валодаю дэталёвым веданьнем царкоўных законаў і канонаў. Таму свой аповед і развагі аб гэтай падзеі вяду з пункту гледжаньня чалавека, які проста прысутнічаў побач, бачыў на ўласныя вочы і перажываў у той-жа час.
Пачатак падзеі ды майго аповеду трэба аднесьці на паўтары гады назад, да прыгожых па-паўночна-амэрыканску восеньскіх дзён, калі па антарыйскіх ды пэнсільваньскіх дарогах адно шпаркае аўта несла чатырох устурбаваных сябраў-аднадумцаў, парафіянаў Таронтаўскае беларускае царвы сьвятога Кірылы Тураўскага. Мы ляцелі ратаваць Царкву. Адтуль, зь Нью-Джэрсі, з Рады БАПЦ прыйшла трывожная вестка: ёсьць прапановы й намеры аддаць БАПЦ пад кіраўніцтва Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы Канстанцінопальскага Патрыярхату. Таронтаўская парафія зразумела такую прапанову, як канец і Беларускае, і Аўтакефальнае, а таму сьпешна выправіла сваіх ганцоў, сярод якіх была і я.
Турбавацца было з чаго: гэта не навіна, што далёка ня ўсім у сьвеце хочацца, каб існавала Беларуская Аўтакефалія. Зразумець гэта вельмі проста. Не паглыбляючыся ў энцыкляпэдычныя падрабязнасьці гісторыі, каб ня збочыць ад галоўнае ідэі, для вобразнасьці можна ўзгадаць старую беларускую казку пра зайчыкаву хатку. Хто тая ліска, што запанавала ў чужой хатцы, выставіўшы за дзьверы гаспадара, здагадацца ня цяжка. Больш за 200 год таму, калі Расея зваявала Вялікае Княства Літоўскае і акупавала ягоныя тэрыторыі, Расейская Праваслаўная Царква паласавалася сваёй доляй ад пераможнага рабаўніцтва – усе праваслаўныя і саборы й цэрквы адышлі да яе. Ад таго часу беларускае праваслаўнае царквы, што вядзе свой пачатак яшчэ ад Бізантыі ды сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, і ніколі ніякага дачыненьня да Маскоўскае мітраполіі ня мела, на тэрыторыі Беларусі няма. Тое, што Маскоўская мітраполія называе свае філіі “беларускімі” – не адпавядае ні сутнасьці, ні апраўдвае рабаўніцтва. Зьдзейсьніўся вядомы наказ Кацярыны ІІ: “Што не зрабіў расейскі штых – даробіць расейская школа і расейская царква”.
Аднак, ня ўсё і лісцы масьленьніца. Вось-жа ён, зайка – жывое сьведчаньне беззаконьня, зьнішчальнік тэрміну даўнасьці. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква існуе па-за тытульнай тэрыторыяй, у дзіўным для рэлігійнай інстытуцыі статусе – “на выгнаньні”. Як, зрэшты, у гэтым-жа статусе існуе і беларуская дзяржаўнасьць, і культура. Гэтым самым, нажаль, БАПЦ набыла палітычную значнасьць. Трэба сказаць, Царква палітыкай займацца ня хоча. Яна імкнецца абслугоўваць рэлігійныя патрэбы вернікаў ды марыць вярнуцца ў краіну беларусаў, каб служыць толькі іхным інтарэсам. Палітыку Беларускай Аўтакефаліі накідваюць звонку – тыя, хто з радзімы яе выгнаў і назад пушчаць ня хоча.
Гісторыя існаваньня Царквы на выгнаньні – гэта гісторыя ахвярнага служэньня беларускасьці і беларусам, гэта гераічныя і часам трагічныя лёсы сьвятароў і япіскапаў. Гэта і штодзённае вырашэньне сацыяльных, матэрыяльных і эміграцыйных праблемаў. (Беларускія сьвятары працуюць, як і звычайныя эмігранты першага пакаленьня: рабочымі, будаўнікамі, шафёрамі, а па нядзелях служаць у цэрквах). А яшчэ гісторыя БАПЦ на выгнаньні – гэта жыцьцё пад пільнай увагай дасьледчых ворганаў савецкіх, тады расейскіх камітэтаў. А джэнтэльмэнскі набор іхнае апекі ўсім вядомы й нязьменны. Гэта – паклёпы, хлусьня, правакацыі, стукачы, засланцы, звады, навалокі... і бясконца... Усе сродкі добрыя, абы зьвесьці існаваньне БАПЦ на нішто. Яно й зразумела: самое існаваньне Царквы нагадвае, каму чыя хатка належыць, а самае галоўнае – надта хаткі вяртаць законнаму гаспадару ня хочацца. Таму Царква церпіць удары ад “нябачнага фронту” нават мацнейшыя, чым выпадаюць на грамадзкія суполкі дыяспары.
Да таго часу, як шпаркае аўта паімчэла чатырох устурбаваных таронтаўскіх парафіянаў да паўднёвых суседзяў, перад БАПЦ паўстала сур’ёзная праблема: нястача сьвятароў і япіскапаў. У Царквы застаўся адзін ярарх – Мітрапаліт Ізяслаў, старэнькі, хворы. Настала пагроза новага стану – “сіроцтва” царквы. І тады ў нечыей хітрай галаве і высьпела зманлівая ідэя пайсьці пад кіраўніцтва іншае царквы. А вынікам была-б згуба двух атрыбутаў: “беларуская” і “аўтакефальная”.
Можа, гэта й да лепшага: такая прапанова высьветліла праблему ды спанукнула нешта тэрмінова рабіць. І вось нашае аўта на десяць гадзін дарогі ператварылася ў штаб па вызначэньню нашае стратэгіі і тактыкі да маючага адбыцца паседжаньня Рады Царквы.
Галоўным героем гэтага рухомага “камітэту бясьпекі” быў Міхась Тапуноў, Старшыня Таронтаўскае парафіі. Гэта ён знайшоў усе асноўныя аргумэнты й тэзы, лягічныя й дакладныя. Ён вызначаў усю тактыку нашых прамоваў і перамоваў. І, урэшце, гэта ягоным быў галоўны довад, што ў Беларускай Аўтакефаліі ёсьць свае рэзэрвы для самастойнага існаваньня. І такім рэзэрвам – паводле Міхася – быў наш сьвятар айцец Вячаслаў (Логін).
Калі я гавару “наш айцец”, то маю на ўвазе дакладна: таронтаўская парафія лічыць а. Вячаслава сваім. Ён некалькі гадоў служыў ў нас, тут быў высьвечаны ў сьвятары Мітрапалітам Мікалаем. Мы добра яго ведаем і любім як нашага блізкага сябру; ведаем ягоныя якасьці: шчырая беларускасьць, дбайны клопат аб Царкве, годнасьць, аскетызм, адукацыя і эрудыцыя на ўзроўні энцыкляпэдычнай. Зрэшты, як і недахопы ягоныя нам ня дзіва, прыкладам тое, што зь ім часам бывае цяжка па-жыцьцёваму дамовіцца. На маю думку, праўда, і гэты быццам недахоп ідзе ад сапраўднай годнасьці: ад няздольнасьці ні на каліўца скрывіць праўду ці адхіліцца ад царкоўнага статуту і канонаў. Для сябе-ж ён не патрабуе нічога. Тым ня менш, тагачаснае кіраўніцтва нашае парафіі, ня здолеўшы вырашыць эміграцыйныя справы а.Вячаслава, свайго сьвятара страціла. Айцец перабраўся ў ЗША, у царкву Жыровіцкае Божае Маці ў Гайленд Парку (куды мы зараз і ехалі).
Пазьней абавязкі Старшыні парафіі ўсклалі на Міхася Тапунова – і гэта быў цалкам рацыянальны выбар, бо пад ягоным кіраўніцтвам справы ў царкве зрушылі зь мёртвай кропкі. Вось і зараз Міхась ехаў сустрэцца з а.Вячаславам, каб прапанаваць яму вярнуцца ў Таронта і паабяцаць пэрсанальна палагодзіць усе ягоныя эміграцыйныя праблемы.
На наступны дзень назад, на поўнач, у Таронта стомленае аўта панесла чатырох змарнелых ад сустрэч, размоваў, спрэчак, але радасных ад усьведамленьня зробленай справы сябраў-аднадумцаў. У нас усё атрымалася, плян быў зьдзейсьнены. Знайшліся аднадумцы і ў амэрыканскіх парафіях, і было прынятае рашэньне вылучыць а. Вячаслава кандыдатам у япіскапы і тады высьвяціць яго ў гэты сан.
Мне цікава было адзначыць, як прапанова стаць япіскапам паўплывала на станоўчыя зьмены ў характары і душэўным стане а. Вячаслава. Ён рабіўся больш рашучым, упэўненым (гэтых якасьцяў яму раней бракавала), больш акрэсьленым у меркаваньнях... Я падумала, ці ўсьведамляе ён да канца, на які шлях становіцца?
Па дарозе дадому сябры “камітэту бясьпекі” пастанавілі трымаць у строгім сакрэце справу высьвячэньня а. Вячаслава ў япіскапы. Прычыны, зразумела, усё тыя-ж – ня ўсім гэтая ідэя спадабаецца...
А пасьля гэтага была праца. Шмат працы. Бо адна справа – вырашыць, а другая – як гэта зрабіць? Як у сваёй Царкве не было япіскапаў, хто-б мог правесьці хіратонію, трэба было шукаць іх у іншых Аўтакефаліях: украінскай, грэцкай, сэрбскай, македонскай, баўгарскай. І ўсё гэта – лісты, сустрэчы, паездкі, перамовы-перамовы... чыйсьці вольны час, высілкі, траты. У гэтага “чыйсьці” ёсьць канкрэтнае імя – Міхась Тапуноў. І, вядома, сам а. Вячаслаў. Празь некалькі месяцаў айцец вярнуўся ў Таронта, калі ён атрымаў рэзыдэнцкі статус у Канадзе.
Часам апускаліся рукі, здавалася, нічога не атрымліваеца. Аднойчы адзін грэцкі япіскап сказаў ім: “Не адчайвайцеся. Бог апякуцца вамі, Ён дапаможа. І ўсё атрымаецца лепш, чым вы нават мяркуеце”.
Мы перажывалі цяжкі час: пэрспэктыва апынуцца раптам ў “сіроцтве” вісела, як дамоклаў меч. Праз год пасьля таго паседжаньня памёр наш Мітрапаліт Ізяслаў. Паўгады мы пражылі з боязьзю нават вымавіць гэтае слова: “асірацелі”. Але справы па высьвячэньню япіскапа рухаліся, і мы жылі надзеяй. Колькі разоў усё зрывалася, бо да канца справы трымаць сакрэт немагчыма. Урэшце, напачатку лютага сёлета а. Вячаслаў быў пастрыжаны ў манахі зь імем Сьвятаслаў. Хіратонія ў япіскапскую годнасьць была прызначана таксама ў лютым, але не пасьпелі аб ёй абвесьціць, як яна раптам была адмененая літаральна напярэдадні...
Прайшло амаль тры месяцы няпэўных чаканьняў, як мне патэлефанаваў Міхась: “Зьбірайся, едзем”. – “Куды?” – “У Нью-Ёрк, на хіратонію. ...Толькі, ціха! ...Камэру не забудзь: хачу, каб ты зрабіла фотарэпартаж”. Добра, Міхасю, што падказаў. А я ўсё думала, што-ж падарыць Уладыку на ягонае сьвята. Вось-жа – фотаальбом зь ягонай хіратоніі. Паехалі!
І ні гэтая архіцяжкая паездка (чатырнаццаць гадзін туды, столькі-ж назад, бо мы яшчэ заязжджалі ў Атаву па сп-ню Івонку Сурвілла), ні ня самыя добрыя ўражаньні ад “сталіцы сьвету” зь ейнымі “джунглямі” ды пробкамі на дарогах не змаглі кінуць нават ценю на захапленьне той грандыёзнай дзеяй, што адбылася ў сьветлым, новаадрамантаваным саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Я столькі ярархаў у адным месцы ня бачыла ніколі, як, зрэшты, і такой колькасьці сьвятароў. Бляск адзеньняў, чысьціня залі, дзе ад магутнага хору сьвятаровых басоў зьвінела столь, і душа ўзносілася ўвысь. Больш урачыстай і ўзьнёслай падзеі я ў сваім жыцьці не перажывала.
Абрад хіратоніі быў выкананы архіяпіскапам Уманскім і Дэтройцкім Аляксандрам, япіскапам Барыспальскім Пасіем ды япіскапам Гьюстанскім і Тэхаскім Макарыюсам. Так, зноў украінцы працягнулі нам сяброўскую руку дапамогі. І то праўда – ад каго-б яшчэ было яе чакаць, як не ад сябраў-суседзяў?
Уразіла заключная прамова архіяпіскапа Аляксандра. Ён зазначыў, што беларуская культура, улучна з Аўтакефальнай Царквой, пацярпела значна мацнейшы ціск з боку імпэрыі, чым украінская, менавіта таму, што супраціўлялася актыўней. Думка для мяне ня новая, але ўзрадавала тое, што агучыў яе ўкраінец. Што-ж, парадуемся, што наш япіскап высьвячаны чалавекам мудрым і шчырым.
І хаця ня раз мяне зганяла з аўтарных прыступак шаноўнае сьвятарства – мяне і папярэджвалі, што жанчынам далей за другую прыступку падымацца нельга, але ўзьнёслыя ўражаньні перамагалі ўвесь кантроль над сабою – усё-ж альбом з фотарэпартажам атрымаўся на славу і, спадзяюся, будзе добрай памяткай для нашага дарогога Ўладыкі Сьвятаслава.
Як, вядома, добрай памяцьцю і для мяне. Я доўга яшчэ буду перагортваць бачынкі альбому і раз за разам перажываць шчасьлівыя імгненьні. Як сустракалі ля парога хлебам-сольлю высокіх гасьцей, як узносіліся малітвы, як ускладаліся рукі, як пераапраналі сьвятара ў япіскапа, як перадавалася жазло. Здымак за здымкам не дадуць сьцерці з памяці галоўнае ўражаньне: як крок за крокам мяняўся духоўны стан віноўніка ўрачыстасьцяў, як ператвараўся ён з айца ва ўладыку.
Вось ён стаіць перад трыма вялікімі саноўнікамі, трымае клятву – сьціплы сьвятар, упэнены ў тым, што гаворыць, але твар чамусьці бы стомлены. А вось тут пад іконай, чакае рукапалажэньня – ужо з ясным тварам, стрымана-нецярплівы. Вось кульмінацыя: рукі трох ярархаў на ягонай схіленай галаве – і я адчуваю прысутным тут Дух Сьвяты. Вось здымак моманту, які мне найцікавейшы: сьвятарская рыза ўжо зьнятая, твар Уладыкі Аляксандра, зьвернуты да новаасьвечанага бы з запытам: “Ці гатовы ты?” І твар ужо Ўладыкі Сьвятаслава – сур’езны, суворы, з поўным усьведамленьнем таго, на які шлях становіцца... І вось надзеты япіскапскія рызы. Усё. Зьдзейсьнілася!
Мне ў той момант на памяць прыйшло маё даўняе трохрадкоў’е:
А мы вынішчаемся.
Зноў адраджаемся.
Мы – ачышчаемся.
...Я тады падышла да Міхася Тапунова, які ўсё нэрваваўся, каб раптам не сарвалася ўсё на апошніх кроках; ён тады выдыхнуў з палёгкай і прашаптаў: “Ну, усё! Зроблена. Зваротнай дарогі няма!”
І апошні здымак – я наўмысна яго лавіла – новы Япіскап Наваградскі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў з крыжом у руках вітае прыхажанаў. І твар узьняты, шчасьлівы й прыгожы, прасьветлены нябеснай радасьцю – твар чалавека, што вось толькі прыняў Духа Сьвятога.
Іс пола еты, Дэспота! Дай, Божа, на доўгія гады! Плённага служэньня вам, Уладыка Сьвятаслаў!
Ах, якое яно, новае, ніколі яшчэ не вядамае для мяне пачуцьцьё – такое салодкае, ціхае-радаснае – мець япіскапа свайго. Не прызначанага ды прысланага зьнедкуль некім, а свайго даверанага, каго сам-жа хацеў бачыць у гэтым сане. І гэтак лёгка й радасна пераходзіць на новы зварот: “уладыка”.
Вось такім яно было – сьвята адраджэньня Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на выгнаньні. Вось такі мой расповед аб ім – асобы прыватнай, якой пашчасьціла быць прысутнай.
А што ж далей? Далей усё тое-ж: цяжкі шлях незалежнага беларускага ярарха.
У сувязі з гэтым не адпускаюць у думках дзьве размовы. Першая: з дарагім, ужо Ўладыкам Сьвятаславам, дома, у роднай парафіі, пасьля сьвяткаваньняў. “...Уладыка, вы-ж разумееце, што кінулі сябе на цьвікі?” – “Што цьвікі, – усьміхнуўся ён. – На цьвіках людзі нават спаць наважваюцца. На вілы ўздымуць!” І я чарговы раз у душы папрасіла ў Бога мужнасьці, цярпеньня, мудрасьці і раўнавагі для нашага новага ярарха. На многія лета!
Другая: першае да мяне пытаньне Зянона Пазьняка, зь якім на той хіратоніі я і пазнаёмілася: “Ну, як там у вас, у Тароньце, камсамольцы шчыруць?” – “То як-жа!” – “Ну й як: гавораць па-расейску, намаўляюць яднацца з матушкай?” – “Што вы! Шчырыя беларусы, адданыя патрыёты, кашулю рвуць на сабе.” – “От жа, усюды яны... Здавалася вонкава, хоць у вас іх няма...”
Ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што на наступным перавыбарчым сходзе парафіі Міхася Тапунова з пасады Старшыні зьнімуць. Прычыны зразумелыя: актыўная дзейнасьць. А зачэпкі, вядома, знойдуцца. Ня будзе, дык надумаюць.
Але тыя, хто зьніме Міхася з пасады, бясьсільныя вынайчыць тое, што зроблена ягонымі намаганьнямі. Асьлінымі вушамі сонца не закрыць, як галасаваньнем не адмяніць рукапалажэньня, не пакіраваць Сьвятым Духам. Япіскапа “зьняць” немагчыма. Зваротнай дарогі няма.
А я зрабіла справу сваю: занатавала падзеі ды імёны для ўдзячных нашчадкаў, каб помніць тых, хто спрычыніўся да адраджэньня БАПЦ у 2008 годзе, хто ахвяраваў сваімі высілкамі і часам, уклаў душу ў гэтую падзею. І гэтага таксама ўжо ня высекчы ніякай сякерай.
Таронта, 11-30 траўня 2008 г.