БЕЛАРУС № 546 за ліпень 2008 году
“Не магу сказаць гэтага нікому”
за тваімі межамі, мая краіна,
пачынаецца вялізны дзіцячы дом.
і ты вядзеш нас туды, беларусь.
можа, нарадзіліся мы бяз ног,
можа, ня тым багам молімся,
можа, табе ад нас гора,
можа, мы невылечна хворыя.
можа, няма табе чым нас карміць,
але ці ж ня ўмеем мы жабраваць
можа, ты й ніколі не хацела нас,
але ж і мы на пачатку
ня ўмелі цябе любіць.
Амаль тры гады таму, восеньню 2005-га, аўтарка зацытаванага вершу, Вальжына Морт, выступала ў Нью-Ёрку (Cloister Cafе і KGB Bar) з чытаньнем сваіх вершаў. Трэба было бачыць і чуць, як прымае яе англамоўная моладзь! Беларусаў было мала – а шкада, бо драйву на чытаньнях Вальжыны ня менш як на канцэртах Вольскага.
Сёлета паэтка выдала сваю першую ў Амэрыцы кнігу – дзьвюмоўную “Фабрыку сьлёз” (“Factory of Tears”, Copper Canyon Press, 96 p.), а ў часапісе “Poets & Writers” (May/June 2008) зьявіўся артыкул-інтэрвію – “Cannot Tell This to Anybody”. Падзеі важныя, бясспрэчна, для самой паэткі, але ня ў меншай ступені й для нас, чытачоў.
У артыкуле, які атрымалася цікавым, вартасным чытаньня, Вальжына Морт, што падчас прыездаў у горад “вялікага яблыка” спаталяе сваю настальгію па беларускай ежы ва ўкраінскіх рэстарацыях, спрабуе, паміж іншага, адказаць на пытаньне, а чаму-ж няма ўласна беларускай рэстарацыі, і дзе яны тут, гэтыя беларусы.
От-жа падумалася: а чаму-б не запрасіць яе на сустрэчу ў Кліўлендзе? Што могуць распавесьці запрошаныя палітыкі зь Беларусі – уявіць лёгка, а вось вечар з паэткаю мог-бы стацца сапраўдным упрыгожаньнем сустрэчы.
Трэба шчыра сказаць: нам гэта больш патрэбна, як ёй.
Палітыка робіцца рознымі шляхамі. Можна выступаць з прамовамі й заклікаць да ратаваньня беларускага слова на бацькаўшчыне, абвінавачваць злачынны ўрад у русіфікацыі краіны, а можна пайсьці ў кнігарню й набыць кнігу вершаў беларускай паэткі, выдадзеную на амэрыканскай зямлі.
Уяўляеце, каб хоць кожны другі сябра БАЗА прыдбаў сабе асобнік – наколькі-б канкрэтная была падтрымка слову беларускаму й якое важкае слова эміграцыі – выдавецтву?! Я дык ужо набыў.
Л. Ю